LOGIN

CINEMA

Kick-ass glamourpuss

Аднойчы крытык New York Times апісаў Даяну Кругер як «занадта прыгожую, каб граць якую-небудзь сур’ёзную ролю». Паглядзіце на яе кар’еру: спачатку паспяховая мадэль у Парыжы, потым, пачынаючы з 2002 года, узыходзячая зорка кінематографа з мадэльнай знешнасцю.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што гэтую 33-х гадовую kick-ass glamourpuss запрасіў у свой эпічны слэшэр Таранціна, усе гераіні якога арганічна спалучаюць прыгажосць і розум з брутальнай сэксуальнасцю. У вобразе загадкавай Брыджыт вон Хамерсмарк яна паклікана разбурыць стэрэатыпы масавай свядомасці што да глянцавых красуняў-бландынак. Калі фільм — гэта перакручаная казка для дарослых, якая пачынаецца традыцыйным «жылі-былі…» (і якая ўтрымлівае больш sadistic gore сцэнаў, чым жахаўкі братоў Грым), тады Кругер, гэтая «ісьцінна арыйская бесція», — сталёвая прынцэса з пачуццём гумару. З фраў Дзі па замове часопіса Interview пагутарыў олдскульны фэшн-журналіст і рэдактар сайту Style.com Tim Blanks.

TIM BLANKS — Дык хто ж такая Брыджыт вон Хамерсмарк?

DIANE KRUGER — (смяецца) Ну, яна нямецкая кіназорка таго часу, а таксама падвойны агент брытанскай разведкі. Але яна не 007 — не гламурная машына для забойстваў. Хутчэй штосьці кшталту Мата Хары. Яе высокі статус дазваляе ёй тусіць з рэальнымі пацанамі (Гітлер і Гебельс) і такім чынам быць у курсе ўсіх іхніх хворых фантазій на тэму Новай Еўропы.

TIM BLANKS — Ці вы мелі кагосьці за прыклад, калі працавалі над характарам персанажа?

DIANE KRUGER — Так, адразу ж я падумала пра нямецкую акторку, якая была даволі папулярнай у тыя часы. Яе звалі Хільдэгард Кнеф (Hildegard Knef), але сёння мала хто пра яе ведае. І, відавочна, Марлен Дзітрых, але я хацела даць сваё бачанне гэтай ролі. Квенцін можа назваць вам 58000 чалавек, якія паўплывалі на яго, пры тым асабліва вылучыць венгерскую акторку Ілону Мэсі (Ilona Massey), якая сыграла femme fatale у некалькіх фільмах. Ён прымусіў мяне прагледзець каля 25 фільмаў, якія паўплывалі на яго найбольш.

TIM BLANKS — Здымкі на студыі Babelsberg, дзе здымаліся Хільдэгард Кнеф і Марлен Дзітрых, напэўна былі незабыўным досведам.

DIANE KRUGER — Сапраўды, гэта было крута. Там адчуваецца дух мінулага. Некалькі разоў мы карысталіся тон-атэлье Марлен Дзітрых. І касцюмы былі раскошныя. Таксама я павінна сказаць, што Квенцін мае талент у распрацоўцы жаночых вобразаў. Усе ягоныя гераіні — вельмі моцныя, разумныя і лютыя стварэнні.

TIM BLANKS — Што ён за чалавек, чаму кабеты ў ягоных фільмах менавіта такія? 

DIANE KRUGER — Не ведаю. Многія рэжысёры ідэалізуюць сваіх фаварытак ці ператвараюць іх у аб’екты свайго і глядацкага сэксуальнага жадання. Але ў Квенціна ўсё па-іншаму. Ён сапраўды ўзвышае цябе, але не з дапамогай асвятлення ці адмысловага адзення — часам ён абсалютна не звяртае ўвагі на гэтыя рэчы, — ён успрымае прыдуманую жанчыну як цалкам рэальную! У мяне ні з кім не было нічога падобнага! Мы сапраўды разумеем адно аднаго. Ён быў закаханы ў Брыджыт. У сцэне, дзе яе душыць палкоўнік Ланда, Квенцін настаяў на тым, каб зрабіць гэта самому. Такім чынам, вы бачыце ягоныя рукі на маёй шыі. Квенцін проста апантаны сваімі дзеўкамі! Мая сцэна смерці павінна была заняць адзін здымачны дзень, а заняла тры. Ён проста не хацеў расставацца з Брыджыт.

TIM BLANKS — Мяркую, што такі падыход падобны да стасункаў Альфрэда Хічкока і Ціпі Хедрэн (Tippi Hedren). Калі ў яго фільмах на яе нападалі, ён сам паказваў актору, як гэта трэба рабіць. Магу паспрачацца, Квенцін ведае пра гэта.

DIANE KRUGER — Наконт Хічкока нічога не скажу, але калі мы здымалі фільм, Квенцін  вывучаў творчы метад Джозэфа вон Стэрнберга (рэжысёр аўстрыйскага паходжання, які працаваў з Дзітрых і Чарлі Чаплінам). Адзін эпізод фільма дакладна адпавядае стылю Стэрнберга — гэта сцэна ў таверне.

TIM BLANKS — З якімі пачуццямі вы здымаліся ў кіно, што распавядае пра трагічны і складаны для вашай радзімы гістарычны перыяд, які дагэтуль застаецца сур’ёзнай псіхалагічнай траўмай для народу Германіі?

DIANE KRUGER — Гэта ўжо далёкая гісторыя… Не думаю, што маё пакаленне працягвае несці гэты цяжар. Але нават калі мы не гаворым пра гэта, іншыя людзі ці цэлыя краіны пастаянна нагадваюць нам пра мінулае. Мне прапаноўваюць зняцца ў фільме аб Другой Сусветнай вайне прынамсі раз на тыдзень, бо я размаўляю па-нямецку і нарадзілася ў Нямеччыне. Я заўсёды стрымана стаўлюся да падобных прапановаў, таму што не хачу гуляць па гэтых правілах. Я згадзілася граць у Inglourious Basterds з-за гарэзлівай інтэрпрэтацыі вайны ў гэтай стужцы. І мне вельмі падабаецца, што я спрычынілася да паразы Трэцяга Рэйха.

TIM BLANKS — Брыджыт падобна да Алены Траянскай у вашым выкананні. Яна таксама разбурыла імперыю. Падобна, што разбурэнне сусветаў становіцца вашай спецыялізацыяй… Я тут начытаўся прэсы і прыйшоў да высновы, што ваша зорка няўхільна ўзыходзіць, і зараз вы стаіце на мяжы чагосьці вялікага. Ці маеце вы такое ж адчуванне?

DIANE KRUGER — Шчыра кажучы, я не зусім разумею, пра што ідзе размова. Думаю, што я крочу сваім шляхам павольна і ўпэўнена, і гэта нялёгкае падарожжа. На здымках «Троі» ў 2004 годзе, я пачувалася не зусім камфортна. Я нават не ведала, што раблю, адчувала сябе нейкім пачаткоўцам. Пасля гэтага я вырашыла здымацца ў малабюджэтных фільмах, шмат працавала ў Еўропе, шліфуючы сваё майстэрства. Я ўдзячная старэйшым акторам, якія мне дапамагалі. Так, я знялася ў фільме, які мала хто бачыў, «Перапісваючы Бетховена» (Copying Beethoven) з Эдам Харысам. Гэтая быў надзвычай карысны досвед, бо Эд шчыра апекаваўся мною. Несумненна, я вельмі задаволеная роляй у «Ганебных Байструках». Я граю вельмі моцны персанаж. Яна — лідэр групоўкі, і гэта цяжка перадаць на экране. Тое, што я здолела гэта зрабіць, стала нечаканасцю для многіх.

TIM BLANKS — Але Брыджыт такая гламурыстая…

DIANE KRUGER — Гэта толькі знешне. І абсалютна не мае дачынення да характару персанажа.

TIM BLANKS — Безумоўна, яна выкарыстоўвае свае прыродныя дадзеныя і акторскія здольнасці, каб атрымаць тое, што жадае. Яна выкарыстоўвае гламур, каб прасоўваць сваю справу. Але ж вы самі жывы прыклад гламурнай дзівы, а гэта нашмат складаней, чым быць проста прыгажуняй.

DIANE KRUGER — Я з дзяцінства была закаханая ў акторак і актораў, яны былі такія загадкава недасягальныя, бо немагчыма было зразумець, што яны думалі на самой справе. Напрыклад, Грэйс Кэлі, якая заўсёды выглядала немагчыма гламурнай, але пры гэтым было штосьці таямнічае ў яе позірку. Я не кажу, што хачу ёй ва ўсім наследаваць, але пэўны ўзровень трэба захоўваць у любых сітуацыях. Вы ніколі не ўбачыце мяне выходзячай з клубу без майткоў.

TIM BLANKS — (смяецца) Цікава, што вы заўсёды размяжоўвалі працу мадэлі і акторкі. Калі вы пакідалі мадэльны бізнэс, вы былі крыху расчараваная. Але ў той жа час, гэтая праца дала вам своеасаблівае адчуванне свайго цела і кантроль над эмоцыямі. Мне здаецца, гэта каштоўны вопыт для акторкі.

DIANE KRUGER — І так, і не. Павінна прызнацца, што я перастала здымацца як мадэль таму, што мяне пачала прыгнятаць патрэба дэманстраваць людзям штосьці для іх недасягальнае. Нават цяпер, калі я раблю фотасесію для фільмаў, я не імкнуся выглядаць шыкоўна кожную хвіліну. Пагоня за немагчымай дасканаласцю падаецца мне смешнай і недарэчнай. Я хутчэй пакажу маю слабасць і ваганні, чым буду выдаваць сябе за кагосьці, кім не з’яўляюся.

TIM BLANKS — Ці не падаецца вам, што вашая прыгажосць перашкаджае людзям успрымаць вас сур’ёзна?

DIANE KRUGER — Не, што за бздуры, як вы можаце такое казаць! Ні ў Брэда Піта, ні ў Анжэліны Джолі з гэтым няма ніякіх праблем. Я не хачу сказаць, што я такая ж прыгожая як яны, але справа тут не ў знешнім выглядзе. Гаворка ідзе найперш пра здольнасць да пераўвасаблення, а не пра форму носа, вуснаў і іншых частак цела. Безумоўна, прыгажосць можа адчыняць дзверы — гэта ж Галівуд, алё ўсё роўна, яе будзе недастаткова.

TIM BLANKS — Але добрыя прыродныя дадзеныя таксама могуць стаць для акторкі выклікам. Некаторыя з іх, такія, як Шарліз Тэрон ці Наомі Уотс, часам вельмі натхнёна гралі супраць сваёй знешнасці…

DIANE KRUGER — (перабівае) Не, прабачце, але я думаю, што гэта бязглуздзіца. На мой погляд, Шарліз Тэрон крутая і тады, калі грае прыгажуню, і тады, калі мае 10 фунтаў лішняй вагі і накладны нос.

TIM BLANKS — Мяне заўсёды інтрыгавала тое, што прафесія актора — гэта такая сабе ліцэнзія на тое, каб быць тым, кім не з’яўляешся. Нават, калі ты не «ўрод», табе дазваляецца такім быць.

DIANE KRUGER — Вы маеце рацыю. Гэта патрабуе смеласці і падрыхтаванасці, каб атрымаць магчымасць трапіць у гэты чароўны свет. І гэта робіць цябе свабодным. Менавіта таму я люблю кіно, бо яно дазваляе не быць самім сабой. Часам гэта пужае, але адзін раз паспрабаваўшы, разумееш, што няма нічога лепшага ў свеце.

TIM BLANKS — Чаму вас навучыў Эд Харыс, калі вы працавалі над фільмам «Перапісваючы Бетховена»?

DIANE KRUGER — Мяркую, што асноўнае, чаму ён мяне навучыў, — гэта ператвараць страх перад сцэнай у пазітыўную энергію. Ці зразумела?

TIM BLANKS — Штосьці накшталт псіхатэрапіі.

DIANE KRUGER — Ну так, граць — для мяне азначае тэрапію. Я выкідваю з сябе злосць і расчараванасць. (Смяецца) Магчыма, у гэта цяжка паверыць, але ў дзяцінстве мне бракавала ўпэўненасці. Мой бацька быў алкаголікам — з усім з гэтага выцякаючым… Тое, што я вучылася ў каталіцкай школе ў малым нямецкім мястэчку, таксама мела свой уплыў. Я насіла ў сабе злосць і не ведала, як даць ёй выйсце.

TIM BLANKS — Вы хацелі стаць балерынай, але траўма не дазволіла — напэўна гэта было вельмі моцным стрэсам для маладой дзяўчыны.

DIANE KRUGER — Так і не. Найбольш непрыемным было ўсведамленне, што я ніколі ўжо не стану прымай-балерынай. Мне было ўсё больш і больш цяжка паспяваць за іншымі дзяўчынамі, нягледзячы на ўсе мае намаганні. Непрыемна  пасля 11 гадоў працы адчуць, што ты не маеш таленту. (Смяецца) Але ліха без дабра не бывае — гэта быў мой першы крок у дарослае жыццё. Я зразумела: з танцамі трэба завязваць. На працягу года я была ў дэпрэсіі, бо я не ведала, што рабіць з крэатыўнасцю і дысцыплінай, якія выпрацаваліся падчас заняткаў танцамі. Потым, калі я пераехала ў Парыж і распачала кар’еру мадэлі, адбылося штосьці кшталту культурнага абуджэння. Цяпер танцы для мяне — намбэр уан, нашмат важней за кар’еру мадэлі. Яны проста фантастычна дапамагаюць мне ў маёй працы.

TIM BLANKS — Вы задаволены тым, як усё склалася ў вашым жыцці?

DIANE KRUGER — Канечне! Мяркую, мне пашанцавала. Вядома, заўсёды хочацца чагосьці большага. Мяне пачалі прыцягваць складаныя жаночыя характары, бо сёння я лепей разумею сябе. Ведаю, наколькі я сама складаная і недасканалая. І мне прыемна, што пакрысе ўсё больш і больш рэжысёраў звяртаюць на мяне ўвагу.

TIM BLANKS —Мне заўсёды здавалася, што інтэрв’ю — гэта цудоўная магчымасць паведаміць свету аб сваіх жаданнях. Да якой ролі вы гатовыя сёння?

DIANE KRUGER — Да эксцэнтрычнай камедыі — гэта было б для мяне выклікам, — ці да драматычных і складаных роляў. Я хацела б працаваць з Дарэнам Аранофскі.

TIM BLANKS — Той факт, што вы свабодна размаўляеце на трох мовах, несумненна робіць вас цікавай для рэжысёраў.

DIANE KRUGER — Ім гэта падабаецца, безумоўна, і мне таксама. Гэта вельмі прыемна, бо гэта мая фішка. Хоць большую палову жыцця я жыла не ў Германіі, я маю глыбокія карані і адчуваю сувязь з радзімай, свабодна размаўляю па-нямецку. Таксама я жыла ў Лондане і Парыжы, што дае мне магчымасць разумець гэтыя культуры. І я сапраўды адчуваю сябе напалову амерыканкай, бо ўжо шмат гадоў жыву ў Нью-Ёрку. Калі ты інтэрнэшнл, гэта табе вельмі дапамагае ў працы і ў жыцці.

TIM BLANKS — Добра, з вашымі моўнымі здольнасцямі мы разабраліся. Што наконт адзення? Вы ведаеце фэшн-індустрыю знутры. У вас ёсць улюбёныя брэнды? Што наконт Louis Vuitton або Chanel?

DIANE KRUGER — Мая праца ў свеце моды дала мне разуменне моды. Высокая мода — гэта форма мастацтва, якую я шаную. Я не з тых людзей, якія прачынаюцца кожны дзень з пакутлівай думкай, што ж сёння апрануць, але мая вопратка для фестывальнага чырвонага дывана будзе залежаць ад майго настрою ці фільму, які я прадстаўляю. І я не апрану тое самае на прэм’еру «Нацыянальнага скарбу» і «Ганебных байструкоў».

TIM BLANKS — Калі вы апранаеце адзенне haute couture, ці ўзгадваеце вы аб маленькай дзяўчынцы з каталіцкай школы з нямецкага мястэчка?

DIANE KRUGER — (смяецца) Паверце, канечне, памятаю. Але я не думаю пра гэта кожную хвіліну свайго жыцця.

 

Ілюстрацыя: Вольга Пратасава

 

December 14, 2011

printe-mailshare

advertisement