LOGIN

ART

Саксізм, або нага Масквы

Выстава Уладзіслава Бубна «Шкарпэтка, дальтанізм і тэорыя змовы» адкрыецца ў музеі Азгура 8-га ліпеня а 20-й гадзіне і будзе працаваць да 6-га жніўня.

13458_365563

Акрамя карцін з серый Socksism і The Hand Of гледачы ўбачаць відэаінсталяцыі аўтара. Падчас выставы пройдзе шэраг музычных івэнтаў. У святочным адкрыцці возьмуць удзeл музыкі PhilipPalmer ( Вялікабрытанія/Польшча) і Леанід Нарушэвіч, а таксама паэты Вольга Гапеева, Baisan ды іншыя. 9-га ліпеня тутака пройдзе Міжнародны Фэстываль актуальнай электроннай музыкі. Філемагаз прадстаўляюць  Mr. Puddington і Wёska Project, выступяць таксама Дзяніс Лондан, Віктар Жук, Сямашка ды Кумпанія, Aortha, Dope smoke dope.

Мы паспрабавалі высветліць у легендарнага музыкі, прамоўтэра, радыёдыджэя і выкладчыка, як ён дакаціўся да таго, што пачаў займацца сучартам і чаму менавіта шкарпэтка аказалася ў цэнтры створанага ім сусвета.

 

Калі і навошта ты пачаў маляваць? Ёсць меркаванне, што здароваму псіхічна чалавеку творчасць не патрэбная, ты з гэтым згодны?

Я пачаў маляваць у дзяцінстве, як і ўсе астатнія людзі, і мне гэта заўсёды прыносіла шмат задавальнення. У малодшых класах гэта так захапляла мяне, што я нават часам маляваў за сваіх аднакласнікаў, а яны здавалі мае малюнкі і атрымлівалі добрыя адзнакі. На глебе гэтага, калі мае бацькі з’ехалі працаваць у Будапешт, я запісаўся ў мастацкую школу пры Доме афіцэраў. Заняткі ў ёй вяла прафесійная мастачка з Масквы, якая мела адпаведную адукацыю і высокі статус. Да нейкага моманту ўсё было вельмі добра, пакуль мы малявалі рысункі простым алоўкам. Аднойчы я нават атрымаў спецыяльнае гран-пры за малюнак галавы чалавека на конкурсе ад венгерскага журы. Ужо гэта пакаробіла маю выкладчыцу, якая да таго лічыла маю манеру малявання вельмі дзіўнай.

Аднак яна была перакананай аматаркай рэалізму. Калі мы пачалі маляваць фарбамі, высветлілася, што ў мяне дальтанізм і я няправільна перадаю колеры. Таму мяне «папрасілі» з гэтага гуртка з матывацыяй, што перспектыў займацца далей няма. Мяне гэта не моцна пакрыўдзіла, паколькі я ўжо быў падлеткам. Я быў у восьмым класе, і ўжо быў дыджэем і арганізаваў у школе музычны клуб. На нейкі працяглы прамежак у жыцці я перастаў займацца маляваннем.

Аднак калі Алесь Родзін запрасіў мяне ў арт-хаўз Тахелес на адзін з фестываляў «Дах», дзе я азнаёміўся з дасягненнямі сучаснага выяўленчага мастацтва, я вырашыў вярнуцца да занятку, якім на той час ужо не займаўся гадоў пятнаццаць. Маляванне прыносіць мне вельмі шмат задавальнення — прыдумваць сюжэты, канцэпцыі карцін. Вядома, што ёсць тэрапія малявання, якая дапамагае псіхічна хворым ды здаровым людзям супакоіцца, выявіць свае страхі і комплексы. Таму я лічу, што любая форма творчасці карысная для любой асобы, паколькі дапамагае ёй самарэалізавацца і пазбегнуць дэпрэсіі, якой падвержана большая частка насельніцтва нашай краіны.  Гэта выліваецца ў агрэсію, алкагалізм, сямейныя праблемы і г.д.

Чаму шкарпэтка? Як ты да яе прыйшоў? Ці звязана гэта з нейкай дзіцячай траўмай, або ты захапіўся гэтай тэмай у сталым узросце?

Існуе вялікая колькасць калекцый, музеяў, прысвечаных іншым часткам адзення — сукенкі, ніжняя бялізна. Пры гэтым адзіная дэталь гардэроба, якая незаслужана засталася без увагі, — гэта шкарпэтка, якая  з’яўляецца часткай сюжэту народных анекдотаў і згадваецца выключна ў негатыўным плане, як у анекдоце пра Пецьку і Васілія Іванавіча, дзе шкарпэтка выкарыстоўвалася ў якасці бумеранга. Пры гэтым, калі б у Мінску адчыніўся музей шкарпэткі, — гэта было б цікава для турыстаў з усяго свету.

Якім чынам паўплывала на тваё творчае і сэксуальнае жыццё дзяцінства ў разбэшчанай гуляшна-сацыялістычнай  Вугоршчыне? Я памятаю, што на нас шкаляроў моцнае ўражанне зрабіў у 1982 годзе вугорскі аналаг часопіса «За рулём» Auto Motor з голымі дзеўкамі на матацыклах…  

Сапраўды, панятак пра сэксуальнасць і эротыку ў Савецкім Саюзе і Вугоршчыне адрозніваўся. Адносіны да сэксу ў Вугоршчыне былі хутчэй  заходнееўрапейскімі. Сэксуальнасць прысутнічала паўсюль, у тым ліку ў рэкламе на тэлебачанні, што шакіравала савецкую дыпламатычна-ваенную супольнасць.

Згадваецца рэклама 1984 году, дзе пад коўдрай адбывалася нейкая мітусня, затым адтуль выглядалі мужчына і жанчына. Голас пытаў у іх: «Сэкс?» — «Нем, кекс» (рэкляма кексу). Дэлегацыю жонак афіцэраў уразіла таксама адна з класічных аперэт, дзе на сцэне стаяў ложак і героі палову дзеяння знаходзіліся ў ім. Пры гэтым венгры адносіліся да сэксу хутчэй з гумарам. Па ўсім Будапешце прадаваліся касеты да календары эратычнага зместу. Былі спецыяльныя крамы для дарослых, дзе ахвочыя маглі набыць больш сур’ёзную прадукцыю. Былі таксама навучальныя касеты для маладажонаў, і гэта лічылася нармальным.

Безумоўна, савецкія грамадзяне набывалі ўсё, дзе дэманстравалася хоць якая аголеная частка цела, свята мяркуючы, што гэта парнаграфія — у нас заўсёды блыталі, што такое парнаграфія і што такое эротыка. Так, адзін мой аднакласнік набыў венгерскі варыянт часопіса Playboy. Ён думаў, што часопіс будзе перапоўнены здымкамі аголеных дзяўчат, але заўважыў, што там было шмат артыкулаў. Яшчэ больш ён здзівіўся, калі папрасіў перакласці гэтыя тэксты. Гэта былі сур’ёзныя артыкулы на тэму кар’еры, мастацкае апавяданне з жыцця вядомых мужчынаў і г.д. У нас лічылі, што калі гэта распуста, то гэта павінна быць распустай да канца. Тыя адносіны, якія былі ў венграў да сэксуальнай тэматыкі, дазволіла мне адносіцца да сэксу як да натуральнага і нармальнага складніка жыцця чэлавека. 

1351

Ці збіраў ты ў дзяцінстве маркі, манеты, індзейцаў? Акрамя шкарпэтак ёсць у цябе яшчэ нейкія фетышы?

Так, у дзяцінстве я збіраў манеты, маркі, аднак ніколі не рабіў гэта фанатчна. Больш сур’ёзна я адносіўся да збору касетаў і аўдыёзапісаў (вінілаў), а таксама выступленняў гуртоў на відэокасетах. Але гэта было ў разумных рамках — частка маіх сяброў былі спраўднымі фанатыкамі. Для мяне ж гэты было дадаткам да творчасці, дататковай крыніцай інфармацыі.

Які мэсэдж дасылаюць грамадству мужчыны, якія, нягледзячы на кпіны, упарта носяць шкарпэткі з сандаламі і басаножкамі?  Ці няма ў гэтай любові да шкарпэтак прыхаваных гомасэксуальных матываў, улічваючы тое, што насмешкі сыходзяць ад кабетаў і фемінізаваных мужчынаў? 

Адказы могуць быць розныя: сандалі занадта малыя ці з грубай скуры, націраюць ногі. Другі варыянт: у мужчын засталася звычка з савецкіх часоў, калі дзяцей прымушалі абавязкова апранаць пад сандалі шкарпэткі ці калготкі.  Калі б і цяпер яны насілі калготкі, асабліва радыя былі б фемінізаваныя мужчыны.

Наступны варыянт: падкрэсліванне сваёй прыналежнасці да мужчынскага полу, паколькі клясычная шкарпэтка з’яўляецца адным з тых дасягненняў, якое ў мужчын пакуль што не адабралі. Яшчэ варыянт: нашэнне шкарпэтак дазваляе доўга не мыць ногі, хавае непрыгожыя ногі, недагледжаныя пазногці і г.д. І апошняя, самая маленькая частка мужчын: сапраўдныя шкарпэтаманы, якія вельмі любць гэтую частку гардэроба і не ў якім разе ад яе не адмаўляюцца. Часткова ім і прысвячаецца «Саксізм». Тым больш што даследаванні сведчаць, што сэкс у шкарпэтках з’яўляецца больш адчувальным і інтэнсіўным. Насіце шкарпэткі і не саромейцеся!

13454_526381

Ці згодны ты з тым, што тутэйшаму люду бракуе вітальнасці і сэксуальнасці? Ці адбылася ў Беларусі сэксуальная рэвалюцыя? Калі так, то хто перамог?

Сэкуальная рэвалюцыя, на мой погляд, адбылася ў Беларусі, як і культурная, ў 90-я гады. Аднак, па вялікім рахунку, яна тычылася толькі прадстаўнікоў інтэлігенцыі і багемных колаў. У большасці ж насельніцтва засталіся старыя савецкія ўяўленні пра сэксуальнасць і пра тое, якім павінны быць сэксуальны мужчына і жанчына — а ў большасці яны амаль ні чым не адрозніваюцца ад 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Для жанчын гэта мужчына, які займае высокую пасаду ці валодае грашыма, у касцюме, спінжаку, туфлях, з кароткай стрыжкай, вусамі і вялікімі кулакамі, які пахне потам, часныком, гарэлкай і адзікалонам.

Для мужчын гэта традыцыйны тып русалкі: жанчына з распушчанымі валасамі, у кароткай спадніцы, з грудзямі «навыкаце» і на высокіх абцасах, абавязкова з макіяжам, з якім могуць спаборнічаць толькі трансвестыты ў сан-францыскіх клюбах. Пры гэтым пажадана, каб яна магла перці на сабе дзве-тры сумкі і весці за рукі дваіх дзяцей, паралельна выхоўваючы іх. Для мужчын заўсёды застаецца таксама суседка-каханка — распусная дама, з якой можна пакурыць, выпіць, пасядзець па душах. Гэта зваротны бок сэксуальнасці — вобраз распуснай каханкі. Пры гэтым муж заўсёды свята клянецца ў любові да сям’і і дзяцей (гл. агітацыйныя плякаты на вуліцах Мінска).

Каго з мастакоў мінулага ты ўважаеш за аўтарытэтаў і каго з сучасных «уважаешь»?

У натуры уважаю пост-імпрэсіяністаў — нашых землякоў Малевіча і Шагала ды ўсіх тых творчых людзей, якія дазваляюць жыць мастацтву без рамак, азначэнняў і ідэалогій. З сучасных мастакоў прызнаю ды люблю Алеся Родзіна як непрызнанага генія і чалавека сусвету. Дзякую Змітру Вішнёву за яго неардынарнасць і настойлівасць ды фанатычную адданасць мастацтву,  Валодзі Банько (R.I.P.) — за яго тонкасць і адчувальнасць, Анатолю Тадодскаму як найлепшаму беларускаму аніматару, які нясе «запал» да творчасці з самага дзяцінства.

Саксізм, як вышэйшая стадыя постфетышызма супрацьстаіць камунізму, фемінізму, сэксізму, нацыяналізму і гомасэксуалізму, або арганічна ўключае ў постмадэрнісцкі дыскурс усе гэтыя вычварэнні і дазваляе каналізіраваць агрэсіўную энэргію ў творчасць?

Канцэпцыя ўключае ў сябе ўсе існуючыя «ізмы» і сама з’яўляецце новым «ізмам» ды, магчыма, завяршае ўвесь «ізмавы» парад дваццатага стагоддзя.

Характэрнае для сучаснасці амаль рэлігійнае пакланенне рэчам — гэта сведчанне ўздыму нэапаганства, выкліканага стомленасцю абываталя ад хрысціянскіх маральных максімаў, або рэакцыя грамадства на заканчэнне ідэалагічных войнаў XX стагоддзя і жаданне бесклапотнага існавання ў постгістарычным свеце?

Гісторыя развіваецца па спіралі. Спустошанае гвалтам дваццатага стагоддзя грамадства шматразова паказала і прадэманстравала парушэнне тых прынцыпаў і нормаў, якія яно само сабе ставіла, у т.л. тых табу, якія несла хрысціянская рэлігія. Таму многія людзі, у тым ліку інтэлектуалы, адмаўляюцца ад ілжывых, напоўненых табу рэлігій, прыходзячы да так званага урбаністычнага паганізму (так называўся альбом праекта Уладзіслава Бубена Shamaniac, запісанага з Яўгенам Шмуляўцовым). Адсюль любоў і пакланенне рэчам, нейкім прадметам, прызначэнне якіх, у тым ліку, носіць даволі складаны характар.

А ва ўмовах урбаністычнага паганізму гэта прыводзіць да спрашчэння і прымітывізацыі. Так адзін вядомы шведскі пісьменнік выкарыстоўваў праваслаўную, купленую ў Расіі ікону як фетыш, які прыносіць шчасце, таму ён кожны раз дакранаўся да твару святога пальцам. Так прадмет, які адносіцца да рэлігіі, якая прапаведуе пэўныя маральныя каштоўнасці і адносіны, выкарыстоўваецца як звычайны талісман прымітыўнымі народамі.

135388

Абсурд сучаснага свету пужае або натхняе цябе?

Адсурд — гэта толькі ўяўнае прадстаўленне сучаснага свету. Насамрэч, усе галоўныя вобласці жыцця сучаснага свету знаходзяцца пад строгім кантролем капіталістычных карпарацый і найбагацейшых людзей свету. Як адзначалі яшчэ класікі, «увесь свет — гэта гандлёвая пляцоўка, якая павінна прыносіць як мага больш прыбытку». Пры гэтым гэта робіцца па-за якімі-небудзь этычнымі і маральнымі нормамі. Вынікі гэтага часам могуць падацца дзіўнымі, але яны заўсёды прадказальныя.

Ці верыш ты ў масонаў і іншапланецянаў?

Я веру ў масонаў, паколькі ў Амстэрдаме я быў ля храму масонаў, які знаходзіцца недалёка ад гарадскога парку. Там масоны сустракаюцца зусім адкрыта і спакойна як арганізацыя, якая мае свае традыцыі. Як і ўсе арганізацыі, пабудаваныя на ідэалістычных ідэях, масоны хочуць зрабіць свет лепшым, у чым шчыра жадаю ім удачы.

Ёсць цэлы шэраг дзіўных з’яў, пакуль не растлумачаных навукай. Але мяне гэта мала цікавіць, таму што побач з намі жывуць высокаінтэлектуальныя жывёлы — дэльфіны, вароны, але людзі звяртаюць на іх мала ўвагі, паколькі ім трэба пабачыць падобных да сябе. Усе пошукі іншапланецянаў — гэта пошукі люстэрка, гэта не пошук новага розуму ці новай цывілізацыі. Гэта проста жаданне ўбачыць істотаў, што валодаюць прамахаджэннем, што маюць дзве рукі, дзве нагі і адну галаву, і, пажадана, умеюць размаўляць.

Чыя рука – Масквы, Вашынгтона, Пекіна ці можа якога Мумбая была б карысней для сучаснай Беларусі? Ці можам мы захоўваць нейтралітэт, беручы з усіх рук патроху?

Цяпер у Беларусі з’яўляецца галоўнай адна рука — уласная, якой Беларусь займаецца мастурбацыяй. На жаль, геаграфічнае і палітычнае становішча Беларусі зараз такое, што мы вымушаны з усіх рук браць усё магчымае — хто што дасць, па беларускім прынцыпе «у гаспадарцы ўсё згадзіцца». Мы знаходзімся на хісткім мосце кампрамісу, дзе любы няправільны крок можа прывесці да вельмі дрэнных наступстваў.

Валера Краснагір 

13861238_734873

July 05, 2016

keywords: , , , , , , , , , , , , , ,

printe-mailshare

advertisement