LOGIN

TEXT

Identifikation

Вытанчаны кавалачак прозы ад вядомай арыгінальнай беларускай паэткі Вольгі Гапеевай.

I d e n t i f i k a t i o n

1

 Там, дзе вуліца Сувенцкая бралася шлюбам з праспектам Шпінатавым, пакідаючы пры гэтым сваё дзявочае прозвішча, ранішне-веснавы матыль Пецечка ляснуўся аб скураны пінжак свайго лёсу і, згубіўшы раўнавагу, скараціў час свайго існавання з васьмі дзён да васьмі гадзінаў і чатырох хвілінаў. Менавіта такую пазіцыю (8.04) займалі стрэлкі гадзінніка, на які  нервова зірнула правае вока Хельгі-Марыі, бо ўвага левага ўжо была скіраваная на рэклямны плакат, аздоблены галубамі. Дзевяць, паспрабавала адгадаць яна, і пачала лічыць: шэсць, сем, восем, дзевяць, а гэта  што такое? – дзесяты нумар не прымусіў сябе доўга чакаць і, разбурыўшы веру Хельгі-Марыі ў свае надзвычайныя здольнасці, ужо сядзеў  над неонавай літарай «f» чароўнага слова “fantasy” і абменьваўся апошнімі навінамі са сваімі суседзямі.

Хельга-Марыя – гэта я, а ўсё астатняе – праўда.

2

Суботні вечар быў часам, калі ладзілася купанне ў ваннай. З таго часу я люблю суботу, але не люблю мыцца ў ванне. Мама уключала зашмат гарачай вады, і мне там не падабалася, я вылазіла, нібыта вараны рак, чырвоная і гатовая да спажывання. Душ – нашмат прыемнейшая рэч. Гэта рух, хоць нейкі працэс, а не тупое сядзенне і чаканне. Карацей, рэкі я люблю больш за азёры. Аднак ва ўсіх правілах бываюць свае выключэнні. Часам катэгарычная ўпэўненасць даволі лёгка ламаецца, калі ведаць куды біць. У адрозненне ад мяне некаторыя з задавальненнем барахтаюцца ў ванне, хтосьці хрумкае хурму, хтосьці чытае кніжкі, і часам, слухаючы такія расповеды, падаецца, што сядзенне ў ванне – даволі прыемны занятак. Таму я рашылася. І вось, я ўжо там, гартаю мокрымі пальцамі часопіс, ад чаго старонкі прыліпаюць і на іх застаецца шэры адбітак. Сядзець нязручна, а чытаць дык удвая. Кажуць, бываюць выпадкі, калі людзі засыналі ў ванне і захлёбваліся. Я паварочваюся на бок, заплюшчваю вочы. Цёпла і прыемна.

– Калі апусціць пальцы ў ваду і счакаць, малькі забудуцца на тваю прысутнасць і асмялеюць настолькі, каб наблізіцца і зачапіць сваімі цельцамі твой мезенец.

Я не адразу зразумела, што гэта быў ейны голас:

– Калі ты вярнулася? – прабулькатала я.

Але, здавалася, яна мяне ня чула.

– Ведаеш, дзякуючы прыродзе, можна адшукаць адпаведнікі, якія дапамогуць вярнуцца ў мінулае і паглядзець на сябе мужчынскімі вачыма.

– Навошта?

– Але мне шчасціць болей, я не тэарэтык, я – практык.

Часам размовы з Хельгай-Марыяй нагадваюць аднабаковы рух, яна не чуе мяне, а я задаю ня тыя пытанні.

– Спачатку я знаходжу, назіраю, здзіўляюся, а ўжо потым шукаю тлумачэнні і вольнае месца ў сістэмах для маіх знаходак. Margaritifera margaritifera – усяго толькі рачная ракавінка малюска. Я вымаю яе з вады і трымаю ейнае цела, якое памерам з маю руку,  паміж далоняў, памятаеш, як раней, заціснуты ўяўны пярсцёнак, калі дзецьмі мы гулялі ў “калечка” і праводзілі далонямі-човенкамі па долонях сябровак:

“калечка, калечка выйдзі  на  крылечка”.

Хельга-Марыя праводзіць сваімі рукамі па маіх, седзячы на кукішках і распавядае далей:

– Ракавіна пужаецца, і ўцягвае свае вусны ўнутр – хаваецца. Я адчуваю, як яна зараз напружваецца, і мне робіцца няёмка за сваю сілу і за тое, што простым дотыкам магу зрабіць ёй балюча, але так карціць пакратаць яе па вуснах, што на нейкі момант мяне ахоплівае жаданне разламаць ейны панцыр і атрымаць тое, чаго хачу. Але я цярпліва чакаю пакуль яна звыкнецца з маёй прысутнасцю і з цеплынёй маіх рук. І калі да яе прыходзіць разуменне, што баяцца няма чаго, што я проста назіральнік, яна больш не сціскаецца і не скурчваецца, яна гатовая радавацца свайму жыццю разам са мной, і я ёй за гэта ўдзячная. Мы глядзім адно на адно, і я разумею, што трымаю цэлы сусвет, такі ранімы знутры і такі цвёрды звонку. Нарэшце яна дазваляе, і я праводжу указальным пальцам па ейных вуснах адтуль, дзе пачынаецца неба і да таго месца, дзе пачынаюся я. Гэтая лінія дотыку прымушае нервовыя канчаткі здрыгануцца і даслаць у мозг сігнал, які перакладаецца для мяне як “татальная гармонія” … з маіх вачэй вывяргаецца насенне шчасця.

Я разумею, што ў гэты момант Хельга распавядае мне нешта вельмі патаемнае і таму маўчу, каб не спужаць яе сваёй рэальнасцю.

З ейных вачэй коцяцца кроплі, адна з іх разбіваецца аб роўнядзь вады, якая запаўняе ванну. Калі Хельга-Марыя плакала, у яе пачыналі палаць вусны, рабіліся гарачымі і чырванелі, тады яна прыкладала да іх пальцы, каб неяк суняць пыл, але гэта мала дапамагала і яна плакала яшчэ горай ад таго, што нават зараз ейныя рукі ня здольныя нешта зрабіць.

Яна выбегла з ваннай. Я паспрабавала падняцца, каб затрымаць яе, але пачуўшы як ляснулі дзверы, зразумела, што ўжо позна. Я зноўку апусцілася ў ваду, аднак доўга там праседзець  не атрымалася, увесь час думала пра тое, куды яна магла пайсці і чаму распавядала гэтую дзіўную гісторыю. Спыніўшыся на тым, што ні на першае, ні на другое пытанне я не знайду адказу, было вырашана забыцца на гэты інцыдэнт і нарэшце-тка выправіцца на шпацыр у рэжыме он-лайн. “Заўсёды ёсць 44 напрамкі” – узгадала я ейную фразу. Можа,  яна прайшла па іх ўсіх?

3

Першы раз я пабачыла Хельгу-Марыю у бары. У той дзень у яе жудасна балела галава, у дадатак яна вельмі змерзла, чакаўшы на вуліцы чалавека, які абяцаў яе прыемна здзівіць. Чамусьці ў яго гэтага не атрымалася, мо праз тое, што ён не дайшоў, а мо ён проста не ўмеў здзіўляць. Хельга-Марыя раззлавалася і пайшла прэч адаграваць сябе і свае мазгі гарбатай. У той дзень у яе былі гранатавыя вочы.

Яна піла гарбату з плястыкоўкі і рабіла выгляд, што слухае сваіх суседзяў па століку.

Я рабіла выгляд, што слухаю сваіх, на самой справе спрабавала ўхапіць размову за ейным столікам, што стужкамі разляталася па памяшканні бара.

– ну разумееш гэта як калі б я была хоку

– што?

–  ну і адпаведна ў мяне тры радкі

– і?

– і. А нехта – гэта ужо чацверты радок.

– а ты хочаш быць правільным хоку?

– калі у мяне будзе чацверты радок, я ўжо не буду хоку.

– а кім ты будзеш?

– не ведаю.

4

Позна вяртаючыся дадому, калі вуліцы належаць самі сабе, а ты належыш іхняй цішыні, можна пачуць як тае снег, разумееш гэта не адразу, гук такі, што быццам кропае дробны дождж, але ніякага дажджу няма, ты спыняешся, і адчуваеш што навокал пустэча, запоўненая снегам і табой. Гэта вельмі інтымны гук, самы інтымны калі-небудзь пачуты мной, няхай і такой цаной…

5

– Хто рана ўстае, таму Бог дае.

– Ага, і звычайна па галаве, я хаваюся пад падушку, каб хоць неяк адцягнуць момант сутыкнення з чарговым днём. Аднак Хельга-Марыя навісае ў мяне над душой і, нібы сакратарка, зачытвае ўслых спіс справаў, якія ўжо чакаюць-недачакаюцца, калі ж я за іх вазьмуся. Дастала.

Я вылажу з-пад коўдры і накіроўваюся на кухню.

…я прачынаюся пасля дзевятай, вылічваю час, калі трэба выйсці з дому, разумею, што ў мяне хвілінаў трыццаць і паўзу на кухню галышом. Насыпаю мюслі і пачынаю ранішнюю гімнастыку – выбіраю са змесціва разынкі. Вось чаго не люблю дык не люблю: разынкі ў мюслі для мяне катастрофа, аднак такая зарадка зранку нагадвае табе пра адну рэч – каб мець тое, чаго хочаш, трэба пакешкацца. Вось я і кешкаюся амаль кожную раніцу з разынкамі і амаль кожны дзень са сваім жыццём.

– Ну, ну , кажа Хельга-Марыя, – адкуль такія завумна-занудныя думкі, яна ўжо дапівае каву і гатовая выбегчы з дому.

– А, ты тут, я цябе не заўважыла.

– Што, раблюся такой непрыкметнай?

Я стаю да яе спінаю і таму не бачу, як яна ўстае, падыходзіць да мяне, кладзе свае вострае падбароддзе мне на плячо і, адступіўшы  чырвоны радок ад майго правага вуха,  ставіць свой пацалунак. Калі я абарочваюся, яе ўжо няма. Мне застаецца дзевяць хвілінаў.

П е к і н.  Г о д  н е в я д о м ы

1

Бог пакарала чалавека тым, што дала свабоду выбару. Няма большай пакуты за тую, якая звальваецца ў дзве рукі трыма яблыкамі. Якое пакінуць? а можа зрабіць кампот? І пакуль ты так думаеш, нехта мяняе немаўляці памперс, нехта будуе на галаве прыгажуні пізанскую вежу, шкада, што на раніцу ад намаганняў цырульніка застануцца толькі руіны, нехта прызнаецца, што ў яго ніколі не было высокіх дзяўчат, і гэта праблема, а нехта, укладаючы ўвесь свой боль і расчараванне, кажа, што была зусім не ў сяброўкі. А ты стаіш і выбіраеш свой яблык. Як ты хочаш, каб гэта было? З’есці адзін, але да канца, ці адкусіць па кавалачку ад усіх. Ад усіх патрошку. Ад сябе – усё.

Мы гайдаемся на арэлях, да кіно чатыры хвіліны.

– Я прынёс табе вясну, заплюшчы вочы.

Паслухмяна сціскаю павекі і мружуся. Вясной ты назваў зялёнае лісце гарбаты, якім хацеў засадзіць мой унутраны свет (маё сэрца). Маёй вясной быў ты, пасярод восеньскай, бясснежнай зімы.

Я хачу паказаць табе мора.

2

– Ты любіш яблыкі?

– Ну, гледзячы якія.

– Ёсць чырвоныя і зялёныя.

– Ёсць розныя чырвоныя і розныя зялёныя.

Я перакладаю нейкі ўрывак пра Адама і Еву, пра тое, што Бог пакараў жанчыну болей і таму яна будзе пакутаваць больш.

– Бачыш, як несправядліва, – яшчэ цалкам у сваіх думках кажу я.

– Што? – не разумееш ты

– Бог пакараў жанчын болей, глядзі адам і ева. Ты ведаеш, хто гэта? – Я падношу табе кніжку з тэкстам, быццам гэта дапаможа нешта зразумець.

– Канешне, ведаю.

Я запыталася на ўсялякі выпадак, бо не ўсе ж абавязаны ведаць, хто такія гэтыя адам і ева, асабліва прадстаўнікі іншых веравызнанняў.

– Ну і што яны зрабілі? – працягваю допыт я.

– Яны елі яблыкі.

– Дык ты таму прынёс нам яблыкі?

– Не, – смяешся ты, – у іх былі няправільныя яблыкі.

3

На прыпынку стаяць птушкі, час ад часу яны прагульваюцца туды сюды і  праз тое робяцца вельмі падобнымі да нас, людзей, што чакаюць свайго транспарту. Я ўзгадваю што ў тваёй мове птушкі стаяць на дрэвах, а ў маёй яны сядзяць.

 

 

 

 

February 02, 2012

keywords:

printe-mailshare

advertisement