LOGIN

LIFE

Каму патрэбныя кішэнныя багі?

Ільля Сін дае суворую водпаведзь з глыбіняў тутэйшага грэка-каталіцкага андэрграўнда на маніхвест постмадэрновага хрысціянства ад піцерскага рафініраванага эстэта Хведара Дубшана.

122_805286Фота: Сяргей Ждановіч

 

Каму патрэбныя кішэнныя багі?

Як і аўтар маніфэсту, пачну з камінг-аўту. Пагатоў, гэта цяпер модна. Больш за два дзесяцігодзьці таму, на самым золку свайго сьвядомага веку, я стаў католікам усходняга абраду (у народзе нас зазвычай не зусім карэктна называюць уніятамі). Што характэрна для 90-ых, тады ў маім юным жыцьці ўсё адбывалася сынкрэтычна: амаль адначасова з навяртаньнем я таксама пачаў паліць, піць, слухаць Joy Division і займацца радыкальным мастацтвам. У прынцыпе, з таго часу мала што зьмянілася.

Мяне наўрад ці можна назваць узорным хрысьціянінам. Магчыма, менавіта з-за такіх, як я, па слове апостала Паўла, імя Хрыстовае ганіцца сярод паганаў. Затое, я шчыра ганаруся тым, што зьяўляюся жывым прыкладам міласэрнасьці Гасподняй: калі наш Божанька церпіць такіх подзеўбняў, як я, — значыць, Ён сапраўды бясконца добры. Будучы свайго кшталту інсайдэрам, я зь цяжкасьцю разумею тыя папрокі, што гучаць на адрас рэлігіі і царквы. Асабіста я ніколі не сутыкаўся зь нейкім уціскам і дыскрымінацыяй (нягледзячы нават на досыць спэцыфічны характар маёй творчай дзейнасьці), а большасьць убачаных на маім веку сьвятароў выглядаюць добрымі прыкладамі для жыцьцёвага  перайманьня. Прыходзячы ў царкву або касьцёл, я ведаю, што мяне там сустрэнуць зь любоўю.

Я зусім не разумею тых, хто перакананы, нібы рэлігія пазбаўляе чалавека жыцьцёвай актыўнасьці, самастойнасьці, нівэлюючы ягоную суб’ектнасьць. Як сьведчыць мой досьвед, усё акурат наадварот.  І, напэўна, маёй самай вялікай рэлігійнай праблемай зьяўляецца менавіта неабходнасьць пастаянна чуваць: быць актыўным і прымаць самастойныя рашэньні. Вера для мяне — гэта па-ранейшаму выклік, гэта вострае пытаньне, якое ты мусіш задаваць сабе штодня. Прыходзячы ў царкву на нядзельную літургію, мне цяжка прымусіць сябе змоўкнуць і застыць у цішыні. Я больш прызвычаіўся казаць, а ня слухаць — прычым казаць менавіта пра сябе. І, падазраю, гэта многім знаёма.

Тым ня меней, пры наведваньні храма часам (хаця, на жаль, і ўсё радзей) да мяне ўсё ж прыходзіць тое пачуцьцё дзіцячай радасьці і прастаты. Бясспрэчна, менавіта яно павінна быць кутнім камянём нашага ўспрыяцьця рэлігіі. Але ў артыкуле Фёдара Дубшана яго няма. Ёсьць толькі пералік праблем, прычым сфармуляваных вельмі аднабока.  Зусім ня хочучы пакрыўдзіць аўтара, мушу, аднак, адзначыць, што гэткі безапэляцыйны погляд характэрны акурат на іншым баку нашага зь ім інфармацыйнага фронта. Тым, хто не глядзіць расейскае тэлебачаньне, мала проста думаць іначай — ім неабходна таксама і сумнявацца, прычым у сваіх думках таксама.

* * *

Перад тым, як крытыкаваць Царкву, найперш трэба  задацца пытаньнем: што ж гэта такое? Цела Хрыстовае, грамадзкая структура, камэрцыйная аргазацыя?

Пакінуўшы ў спакоі дэфінітыўныя багаслоўскія фармулёўкі, варта адзначыць: адказ на гэтае пытаньне залежыць перадусім ад таго, хто на яго адказвае. Згадваецца хрэстаматыйная калізія з «Залатога цяляці»: выхаваныя ў духу канвэнцыйнай рэлігійнасьці ксяндзы, напэўна, ахарактарызавалі б Астапа Бэндэра як «непрактыкуючага верніка» той ці іншай канфэсіі (бо як жа  ж гэта — ня быць вернікам?) , а вось для махляра яны былі такімі ж махлярамі, як і ён сам.  І таму калі мы ацэньваем Царкву, хрысьціянства, рэлігію і г.д., варта зьвярнуць увагу і на ўласную суб’ектнасьць, па-цьвярозаму задаўшы самому сябе пытаньне: «А ты хто такі?».

У кансумэрысцкім сьвеце, дзе чалавек чалавеку кліент, але пры гэтым кліент заўсёды мае рацыю, такі падыход неўласьцівы. У ролі экспэрта па царкоўных пытаньнях зазвычай выступае тыповы прадстаўнік сучаснага грамадзтва, якое ўжо не ў тэорыі, але на практыцы стала грамадзтвам спэктаклю. Рэцыпіент прызвычаіўся бачыць на сваім экране ідэальныя целы, звышвынаходлівыя сюжэты, непахібных герояў. Ён ужо стаў рэцыпіентам прыдзірлівым, і, пачухваючы сваё валасатае пуза, адпускае колкія камэнтары на адрас той ці іншай сэкс-дзівы. Ён з гонарам выконвае сваю ролю судзьдзі, хаця ўсё, што ад яго патрабуецца — хіба націснуць пімпачку “Play” ды адкаркаваць чарговую пляшку піва.

Ад Царквы ён чакае прыблізна таго самага, што і ад галівудзкага фільма. І калі яму нешта не падабаецца, ён ахвотна выказвае сваю думку. Альбо пераключае праграму. Вядома, погляд на Царкву як на эклезію, сукупнасьць вернікаў (то бок  людзей), у адзіны эўхарыстычны келіх якой кожны дадае свае ўласныя мікробы,  яму зусім не ўласьцівы. Бо такі падыход вымагае пэўнай актыўнасьці і адказнасьці ад кожнага.

Чытаючы маніфэст, разумееш, што гэткае бачаньне, на жаль, характэрнае ня толькі для адэптаў кансумэрызму.

* * *

Да ўсяго, вельмі важна разабрацца і яшчэ з адным тэхнічным парамэтрам: па чым мераць? Каго можна лічыць адэкватным рэпрэзэнтантам Царквы?

Іерархаў? Але ж сьв. Кацярына Сіенская за свой кароткі век перажыла нямала Папаў ды кардыналаў (прычым далёка не найлепшых). Іх імёны сёньня ніхто без Вікіпэдыі не згадае, а вось імя сьціплай манахіні вядомае ва ўсім сьвеце. Я больш чым упэўнены, што ня толькі ў век перабудовы, але і сёньня «ключавымі фігурамі праваслаўя» для многіх з’яўляюцца такія постаці, як мітрапаліт Антоній Суражскі або айцец Аляксандар Мень, а зусім не аматары дарагіх гадзіньнікаў.

І таму сьцьверджаньне, нібы РПЦ МП — гэта камэрцыялізаваная структура, якая зраслася з аўтарытарным палітычным рэжымам, зьяўляецца праўдзівым толькі часткова. Гледзячы, якая РПЦ. Упэўнены, што РПЦ Суражскага, Меня ды іх духоўных пасьлядоўнікаў ні з кім не зрасталася.  У іх інтэрпрэтацыі, хрысьціянства — гэта зусім не «патриархальная, консервативная, шовинистическая, воинствующая, опирающаяся на насилие идеология, пронизанная жёсткими иерархическими связями»  рэлігія.  Проста, пра тую РПЦ мы вельмі мала ведаем.

Чаму мала? У маніфэсьце ёсьць цудоўная агаворка: «новости, связанные с РПЦ». Гэтым, па сутнасьці, усё сказана: такія навіны! Буйны рэлігійны фэст, дабрачынная акцыя альбо проста самаахвярнае жыцьцё асобнага чалавека — інфармацыйная нагода на троечку. Зусім іншая справа —  чарговы пэрформанс Энтэа альбо «праваслаўных фашыстаў». Агрэсіўныя фрыкі — гэта шыкоўныя мэдыягероі. Піпл хавае. Адпаведна, СМІ навязваюць грамадзтву сваю оптыку, а кожны фотааматар ведае, як пагрозьліва выглядае муха, зьнятая ў рэжыме макраздымкі.

РПЦ, падаецца, таксама спрабавала гуляць у гэтыя гульні ды наладжваць мэдыйную оптыку на сваю карысьць. Згадайма і празьмерную ўвагу да выпадку хуліганства ў храме Хрыста Збаўцы, і мноства іншых, яшчэ менш удалых, спробаў зрабіць з мухі слана. Атрымалася, мякка кажучы… Што ж, калі разглядаць РПЦ як арганізацыю (а такое вымярэньне яна, вядома ж, мае — сярод многіх іншых), варта зазначыць: тыя, хто робіць яе піяр, могуць сьмела прэтэндаваць на ганаровую прэмію Дарвіна.

Але, паўторымся, Царква — гэта ня толькі арганізацыя.

* * *

Натуральна, вышэйсказанае зусім не азначае забарону на крытыку той РПЦ, пра якую так часта кажуць у мэдыяпрасторы. І нават дзіўна, што яна не гучыць унутры самой царквы. Дзіўна, што ў якасьці «духоўных скрэпаў» ніхто яшчэ дагэтуль не прапанаваў канкрэтны праект: а давайце мы ўсім народам зьберажэм тыя закінутыя праваслаўныя цэрквы, што ёсьць на нашай зямлі. Вы не паверыце, але па іх колькасьці на квадратны км цэнтральныя расейскія землі (Бурацію тут не бярэм) — наперадзе ўсёй плянэты! Прычым, заўважым, без усялякай вайны. Прычым гінуць там не якіясьці мураўёўкі, як у нас, а сапраўдныя пэрліны дойлідства аўтарства Мікалая Львова альбо самабытныя ўзоры рэгіянальных народных школ.

Дзіўна, што пра гэта ня кажуць прадстаўнікі царкоўнай грамадзкасьці Расіі. На Беларусі і тое кажуць —  як у выпадку з пабазыльянскім манастырскім корпусам у Воршы. Выніку мала. Але ўсё адно трэба казаць.

Дзіўна, што тая дыскусія, якая існуе вакол РПЦ у грамадзтве, не заўсёды артыкуляваная ў самой РПЦ. Чаму я сказаў «не заўсёды»? А вы вазьміце ды пачытайце нармальны праваслаўны рэсурс — напрыклад, pravmir.ru. Яго можна чытаць перад абедам, а вось сацсеткі — не рэкамэндую.

Тамсама — нават у адмысловай падборцы – зьмешчаны і контараргумэнт адносна «антынавуковых поглядаў», якія, нібыта, распаўсюджвае РПЦ. А нават павярхоўны кантэнт-аналіз праваслаўных СМІ можа засьведчыць і пра іх досыць грунтоўную і ўзважаную пазыцыю адносна праблем сям’і — зусім ня ў духу дамастроя. Іншая справа, што за межы гэтай рэзэрвацыі тая інфармацыя не выходзіць. Бо інфармацыйнае надвор’е робяць фрыкі.

* * *

У цяперашняй камэдыі дэль арта вельмі часта ўсе маскі зьмешываюцца. Вось і маем такі парадокс: лібэральная інтэрпрэтацыя выказваньня патрырха пра правы чалавека (па-мойму, тыповая кансэрватыўная пазыцыя зь лёгкім налётам суб’ектыўнай мэтафарычнасьці) выглядае куды больш адыёзнай і  перадузятай, ніж самое выказваньне. Ня верыце? Пачытайце яго поўны тэкст, і вы самі пераканаецеся: фраза «Предполагается, что если человеку дана свобода выбора, то он непременно использует её в аморальных целях» — гэта Дубшан, а не патрыярх. Характарыстыка правоў чалавека ў якасьці найстрашнейшага ворага хрысьцыіянства  — гэта таксама Дубшан. Патрыярх такога не гаварыў.

Урэшце, казаць па Царкву як пра інстытуцыю трэба таксама карэктна. Выказванні патрыярха (напрыклад, пра правы чалавека) наўрад ці можна лічыць афіцыйнай царкоўнай дактрынай, як гэта чамусьці робіць Фёдар Дубшан. Дактрына — гэта там, дзе Саборы, дакумэнты і г.д. А вось вызначэньне «праваслаўны дэпутат» гаворыць само за сябе — з пункту гледжаньня сваёй рэпрэзэнтатыўнасьці. Можа, мы яшчэ праваслаўных сьлесараў будзем слухаць?

* * *

Тая частка маніфэсту, што ўтрымлівае крытыку Каталіцкай Царквы, і наогул падобная да дайджэсту «топ-навін» нялепшага сэгмэнту Інтэрнэту. Там зьямашаліся ў кучу коні і людзі. Кантрацэпцыя і дыктатура. Жаночае сьвятарства і сэксуальны гвалт. Пра падтрымку Царквой «карэктуючых згвалтаваньняў» аўтар піша з такой упэўненасьцю, нібы чуў заклік да іх ад свайго пробашча з амбона.

Некаторыя фразы і ўвогуле выглядаюць як матэрыял для мемаў. Напрыклад: «На асексуальных людей не должно оказываться давление к принятию священства или монашества, если на то нет их личного желания». Я зусім не асэксуал і на асабісты досьвед не магу спасылацца, але… Уявіць такую карціну ў дэталях адмаўляецца нават мая распаленая сьвядомасьць.

Што характэрна, «сэнсацыйныя адкрыцьці» тут пароўну перамяшаныя з поўнымі баянамі: «Христианство — всегда призыв Бога, обращённый к конкретному человеку, направленный лично на него». А што, хіба нехта з царкоўнікаў гэта аспрэчвае?

* * *

Па шчырасьці, асобныя пазыцыі Каталіцкай Царквы таксама выклікаюць у мяне пэўную нязгоду. Прыкладам, я не зусім разумею, чаму пакінуты сваім сужонкам чалавек ня можа ўзяць паўторны шлюб — прычым я не разумеў гэта і да таго, як сам апынуўся ў падобнай сытуацыі. І я зусім не разумею, у чым прычына забароны неабартыўнай кантрацэпцыі: калі мы цалкам адмаўляем плянаваньне нараджальнасьці, давайце яго адмаўляць цалкам, уключна з «натуральнай мэтодай». Калі не адмаўляем (а мы не адмаўляем), давайце адразу адкінем тыя сродкі, якія хаця б гіпатэтычна могуць забіць ненароджанае дзіця, і будзем… жыць спакойна. Кампраміс падаецца мне нейкай крывадушнасьцю — неабавязковай і таму шкоднай.

Казаць, што гэтыя тэмы замоўчваюцца, ніяк не выпадае. Як сьведчаць вынікі нядаўніх Сынодаў, прысьвечаных сям’і, навідавоку тэндэнцыя да ўсё большага акцэнтаваньня ўвагі на рэчах сутнасных і ўнутраных (у тым ліку, уласным сумленьні, якое і павінна быць галоўным судзьдзёй у размаітых спрэчных сытуацыях), а не на розных фармальных патрабаваньнях накшталт абавязковай эякуляцыі  ў похву.

Цалкам гатовы дапусьціць, што ў цяперашні дэмакратычны век згаданыя праблемы маюць права абмяркоўваць ня толькі асобы духоўныя на адмысловых сынодах.  Але… навошта ж зьмешваць усё ў кучу, як гэта зроблена ў маніфэсьце? Як сказаў мне неяк за куфлем піва адзін мудры расійскі езуіт, ёсьць Традыцыя і ёсьць традыцыя. І ў рэфарматарскім шале іх вельмі важна не паблытаць.

* * *

Выпадкі сэксуальных злачынстваў з боку сьвятароў камэнтаваць няма патрэбы — за мяне гэта ўжо зрабіў Крымінальны Кодэкс.  Адзначу толькі, што фраза «Жертвы насилия оказываются беззащитны именно перед иерархией» выглядае сёньня даволі дзіўна — бо ні іерархія ні шараговы клір (тым болей, каталіцкі) у нашым далёка не тэакратычным грамадзтве не зьяўляюцца абароненымі ад юрыдычнай адказнасьці за ўчыненыя злачынствы.  Вядома, ад пацярпелага ці яго бацькоў вымагаецца шмат мужнасьці, каб давесьці справу да суда, але… Нават такая паважная акалічнасьць наўрад ці апраўдвае выбар іншага варыянту паводзінаў — распаўсюджваньне плётак і недагаворак, якія кідаюць цені на ўсіх людзей у сутанах. Ізноў жа, СМІ такі падыход падабаецца. І ўсе чамусьці забываюць пра даўні прынцып асабістай адказнасьці.

* * *

Можна было б спрачацца з аўтарам і далей, але… Галоўнае пытаньне нават ня ў тым, у якой ступені цела Царквы інфэктаванае рознымі хваробамі. Пытаньне ў тым, ці вымагаюць наяўныя (альбо ўяўныя)  факты гэтых хваробаў глябальнай рэвізіі (альбо дэканструкцыі) самаго царкоўнага вучэньня. Калі начальнік ДАІ рэгулярна сядае за стырно пад градусам, гэта зусім не азначае, што правілы дарожнага руху трэба адкарэктаваць у бок лібэралізацыі або наогул іх адмяніць ды езьдзіць хто як хоча — паводле ўнутранага закону.

Як казаў на гэтую тэму Ісус Хрыстос, вы слухайце, што гавораць фарысеі ды выконваеце тое, чаму яны вучаць, але не прыбадабняйцеся ім у іхніх хібах. Адрозьніць першае ад другога — веравучэньне ад асабістых дэвіяцый яго пасьлядоўнікаў — у большасьці выпадкаў здатны кожны. Урэшце, па словах апостала Паўла, кожны сам дасьць за сябе адказ…

* * *

Камэнтаваць тую частку маніфэста, дзе гаворыцца пра стасункі Царквы і ўлады («Почти всю свою историю христианское богословие утверждало, что земные иерархии плавно перетекают в иерархии небесные» і г.д.), папраўдзе вельмі складана. Прыгадваецца выпадак з жыцьця, здаецца, айца Аляксандра Шмемана. Неяк яго хацелі ўцягнуць у дыскусію адносна сартраўскай п’есы «Д’ябал і Госпад Бог», але той адмовіўся: маўляў, той бог, пра якога пісаў Сартр, мне зусім невядомы, і таму я проста ня маю, што сказаць на гэты конт.

Вось і я таксама ніколі ня чуў тыя прапаведзі, якія б сьцьвярджалі права Бога на кантроль над чалавекам — звычайна пры мне з амбону гаварылі толькі пра бескарысьлівую і нічым не матываваную Божую любоў. Я ня ведаю, хто такія «мы», якія  «конструируем образ — такого Бога, Который общается с нами исключительно посредством иерархии, а не личных отношений, Который отказывает нам в возможности самостоятельно погружаться в глубину бытия и ставить экзистенциальные вопросы». У кожным разе, да гэтых «мы» я не прыналежу — як і да царквы, што прапрагандуе такі падыход.

Я ня ведаю багасловаў, якія б ставілі знак роўнасьці паміж зямнымі ды нябеснымі іерархіямі. Думаецца, такое сьцьверджаньне нават выглядала б як свайго кшталту ерась. Затое, мне даводзілася чытаць шмат царкоўных аўтараў, што артыкулявалі той драматычны канфлікт паміж Хрыстом ды сучасным яму грамадзтвам, якое бачыла ў Цары Юдэйскім менавіта палітычнага лідара. Здаецца, пэрформанс, які ўчыніў Збаўца, уехаўшы ў Ерузалім на асьляняці — а не на белым кані — канчаткова расставіў усе кропкі над «і»: «Валадарства Маё не ад гэтага сьвету».

Выпадкаў «зрошчваньня» або дыфузіі царкоўнай і сьвецкай улады гісторыя ведае нямала (вось і сёньня ў Расіі варыцца нейкі пачварны кактэйль), але гэта — не праява вучэньня, а яго аказіянальныя дэвіяцыі.

Выпадкаў канфармізму яшчэ больш, але канфармізм заўсёды быў прыкметай палітыкі. А палітыка, у сваю чаргу, — гэта непрыемная для Царквы непазьбежнасьць. І калі састарэлы мітрапаліт Шаптыцкі адпраўляў дэлегацыю да Сталіна, ён наўрад ці дбаў пра «жывот свой»  — хутчэй, пра выратаваньне УГКЦ ды яе вернікаў.

Урэшце, у наш сэкулярызаваны век казаць пра грамадзкую ролю царкоўнай іерархіі — проста сьмешнавата. З пункту гледжаньня сьвету, яна ў нечым падобная да іерархіі якога-небудзь бутафорскага рыцарскага ордэна, які ўтварылі бухгальтары і маркетолягі ў вольны ад працы час.  Розныя тытулы і рангі важныя толькі ўнутры самой структуры, а для ўсіх астатніх вялікі магістар Ульрых фон Зімбэмбум — гэта проста Вася. Яго загадаў можна ня слухаць, і ніякі орган за гэта дакладна не адрэжуць.

* * *

У заключнай частцы маніфэсту пайшоў, уласна, постмадэрнізм: «Но раз уж мы не можем уйти от необходимости рискнуть и дать собственную интерпретацию Бога, мы должны переосмыслить её и привести в большее соответствие со своими идеалами, надеждами, чувствами, с тем, что подсказывает нам совесть». Выказваньне сапраўды рэвалюцыйнае: у гэтай касмаганічнай сыстэме ня Бог стварыў чалавека, а чалавек павінен стварыць сабе бога згодна з уласнымі прывіднымі надзеямі, летуценнымі пачуцьцямі ды часта ілюзорнымі ідэаламі.

Хрысьціяне вераць, што Царква зьяўляецца носьбітам Божай праўды — нягледзячы на шматлікія грахі яе прадстаўнікоў. Сам выраз «брамы пякельныя не перамогуць яе» сфармуляваны вельмі красамоўна: маўляў, будуць біць, але, усё ж, не заб’юць. І гэтая праўда ўспрымаецца як нейкі ідэал, як маяк-арыентыр, як аснова для канкрэтных жыцьцёвых выбараў. Таму жанчына зь незаплянаванай цяжарнасьцю разумее, што забіваць сваё дзіця  — нельга! Нават у тым выпадку, калі яна ўжо набыла тур на наступны сэзон па сыстэме раньняга браніраваньня —  а менавіта падобныя акалічнасьці, па-мойму, і зьяўляюцца асноўнымі прычынамі абортаў у сёньняшнім сытым і бесклапотным сьвеце.

А вось вазьмі ды прыбяры Бога — і ўсё тады будзе можна. У адпаведнасьці са сваімі «идеалами, надеждами, чувствами». І замест той праўды, якую мы лічым праўдай Божай, неўзабаве будуць сфармуляваныя ўласныя праўды і ўласныя багі. У сэкулярызаваным грамадзтве гэты канвэер ужо працуе спраўна. Незразумела толькі, на халеру ў яго ўпрагацца і людзям рэлігійным. Думаю, і бяз нас справяцца. І тым болей незразумела, як нам тады пазбавіць гэтых багоў сваіх уласных заганаў — а яны, адзначым, існуюць ня толькі ў папоўскіх казаньнях пра грахоўнасьць. Ды і наогул… каму і навошта патрэбны такі кішэнны бог?

Ну і самая банальная ісьціна: такое ў гісторыі ўжо ня раз здаралася. Хто ня ведае, што кожны таталітарны рэжым пачынаўся менавіта зь нейкай сьветлай і ўзьнёслай ідэі? Колькі ўжо разоў людзі спрабавалі збудаваць рай бяз Бога — і колькі разоў Бабілёнская вежа ў выніку рассыпалася ў друз?

Часта яе цэгла трапляла па галаве тым хрысьціянам, якія трымалі нос па ветры актуальных ідэалягічных трэндаў.

Ільля Сін

July 27, 2016

keywords: , , ,

printe-mailshare

advertisement