LOGIN

LIFE

Дранікі па-гамбійску

Цяжкае бярэмя белага чалавека. Гастранамічна-музычныя нататкі музыкі і гукарэжысёра Яўгена Рагозіна з былой афрыканскай калёніі Беларусі.

P1010045

У 1651 годзе Вялікае Княства Літоўскае стала каланіяльнай дзяржавай — знянацку і ненадоўга. Яго васал, курляндскі герцаг Якаб Кетлер, вырашыў займець пару-тройку заморскіх валоданняў — тады гэта было і модна і прыбыткова. Этнаграфічная экспедыцыя, скіраваная ім у Афрыку на 30-гарматным караблі, упадабала выспу непадалёк ад вусця ракі Гамбія, якая дазваляла кантраляваць адзін з магістральных напрамкаў трафіку рабоў.

Бадай першы і апошні раз у гісторыі еўрапейскія каланізатары павялі сябе далікатна: замест таго, каб проста захапіць гэтую тэрыторыю, яны вырашылі яе сумленна набыць. Мясцовы вождж Комба, напэўна, умеў лічыць да трыццаці і таму без ваганняў саступіў за пару бразготак не толькі выспу, але яшчэ і прыбярэжныя землі паабапал ракі. Дзякуючы гэтым дыпаматычным высілкам нашых на той час суграмадзянаў быў запачаткаваны горад Банджул — цяперашняя сталіца незалежнай Гамбіі.

Здавалася б, якое дачыненне ўсё гэта мае да мяне? І хто б мог падумаць, што працягваць шматвяковыя культурныя повязі паміж братнімі народамі колішняга ВКЛ давядзецца мне асабіста. Я таксама пра гэта не думаў, — як і пра тое, што мне накананана стаць місіянерам гуказапісу і дранікаў на іншым кантыненце. Ажно пакуль не здарыўся адзін будзёны і непрыкметны мінскі ранак…

 

* * *

Я прачынаюся, запарваю кавы, праглядаю пошту… Сярод рознага спаму, на скрыні маёй студыі гуказапісу апынуўся ліст наступнага зместу: «Дарагi Яўген, я менеджар нечытэльнае iмя групы нечытэльнае iмя з Гамбii. Цi не хочаце вы запiсаць наш альбом?». Мая дзяўчына адразу прыгадала знакамітыя «лісты шчасця» — ды і вы, напэўна, таксама пра іх падумалі.

Асцярожна запытваю ў «манагера», што за калектыў, і са здзіўленнем даведваюся: ён сапраўды існуе ў прыродзе! Пра гэта сведчаць юцюбныя ролiкi: хiп-хоп на сенегамбiйскай мове. Ачаравальнасці ён не пазбаўлены, але запiсаны даволі панура.

Праз тыдзень роздумаў задаю ўдакладняльнае пытанне: «А што ж ты, любы чалавек, сунешся запiсвацца з адной дупы свету ў іншую?». Адказ расставіў кропкі над «і»: як высветлілася, 3 снежня 2013 года Рэспублiка Беларусь адкрыла аддзяленне амбасады ў Рэспублiцы Гамбiя, ««мы з аташэ па культуры патусiлi (выпілі?) i вырашылi наладжваць сувязi».

Натуральна, брацкаму гамбійскаму народу грэх было не дапамагчы. Балазе, грошы ў мяне вадзіліся, а арганізм тэрмінова патрабаваў выправы ў адпачынак. «Галоўнае, каб у печку не паклалі», падумаў я. І пагадзіўся. Афіцыйнае запрашэнне ішло паўтара месяцы, падрыхтоўка  заняла яшчэ болей часу. Я дакупіў 100 метраў кабеля,  выменяў больш функцыянальны «гукавы мозг» студыi, выцыганіў у цудоўнага калегi Дзмiтрыя Каршакевiча пачак мікрафонаў для бубнаў. У вынiку мой багаж важыў 34 кілаграмы. 33,5 з іх было абсталяванне, усё астатняе — асабістыя рэчы.

 

У пошуках жоўтай ліхаманкі

З чаго пачынаецца Афрыка? Правiльна, з прышчэпак. Абазнаныя сябры накіравалі мяне па гэтую справу ў Вільню. І вось, у адзін пахмурны халодны панядзелак я, жахліва нявыспаны, ускокваю ў цягнік. У суседнім вагоне апынуўся гурт «Крамбамбуля» ў поўным складзе, і мы фанай прабавілі час за кавай ды рознымі байкамі.

Адпаведна, настрой у мяне быў прыўзняты — ажно пакуль я не апынуўся ў медыцынскім цэнтры, размешчаным на задворках колішняй сталіцы ВКЛ. Сервіс там даволі савецкі. З парога тлумачу мэту візіту: «Гепатыт, менiнгiт, жоўтая лiхаманка…». Мне безуважна паведамляюць: ліхаманка  скончылася. І рэкамендуюць браць, што даюць, пакуль і яно не скончылася. Плачу 500 літаў, і адразу пасля гэтага менінгіт накіроўваецца ў мой трыцэпс.

Выходжу на вуліцу.  Надвор’е цудоўнае: -20 па Цэльсію і 20 м/с. У тралейбусе да цэнтра мяне некалькi разоў кiдае то ў гарачыню, то ў холад. Трасе, пот коцiцца градам. Вакзал, ежа, афiцыянткi глядзяць, як на гераiншчыка на выхадах… Прывакзальная плошча, я магу ехаць у Менск, мне тут рабiць болей няма чаго. Але перад вачыма плыве. Не, пакуль што ніякага Менску. Бяру нумар у гатэлі «Панарама», валюся на ложак. Засынаю не з першай спробы.

Назаўтра ўсё ж вырашаю знайсці жоўтую ліхаманку. Рушу ў клініку на Гедыміна. На ўваходзе пацыенты — дзве паненкi з-пад ботакса i хлопец з-пад падцяжак. Як выяўляецца, вакцынацыя гэтай экзотыкі  – толькі пад заказ. Калi дакладна, ведае адна дырэктарка, а яе няма.

Далей па курсе — гарадская палiклiнiка на Завальнай. За пытанне не страцiш нi абеду, нi снядання. Заходжу, пытаю. Там таксама бруд і Савецкi Саюз, дзiўны персанал. Мясцовыя п’яныя шкаляры нешта спяваюць у калiдоры. На расейска-англійскай трасянцы мне тлумачаць: вакцынацыя — будынак праз дарогу, рэгiстратура, потым запытайце ў 311 кабiнеце. На беларуска-англійскай трасянцы я тлумачу ў 311-ым, што мне патрэбна. Дзве паненкi  неакрэсленага ўзросту мяне разумеюць, але… як выяўляецца, жоўтая лiхаманка скончылася і тут, а прывязуць яе толькі ў канцы месяца. Аднак затым робяць некалькі тэлефанаванняў — спярша безвыніковых, але ўрэшце…

— Ваша ліхаманка можа быць толькі ў адным месцы — калі вы, вядома, не баіцёся туды патрапіць, — інтрыгуе мяне паненка.

Зразумела, што калі ты наважыўся выправіцца ў Афрыку, нейкім Віленскім тубдыспансерам цябе ўжо не спалохаць. Неўзабаве я выпраўляюся ў віленскі прыватны сектар. Раней ніколі ў ім не быў, а ён цудоўны.  Пяць хвiлiн пошукаў, і я бачу два цагляныя будынкi, а за імі шэраг драўляных баракаў (цікава, якi iдыёт прыдумаў лекаваць сухоты ў такiх умовах). Праз прасёлак — бункер амэрыканскай амбасады, далей — рака. Tубдыспансер адшукаўся недзе паміж імі. Урываюся ў працэдурную — і чую фразу, ад якой проста жыць не хочацца: вакцыну ў Вільню прывязуць толькі напрыканцы месяца.

— Але я спецыяльна пакінула запас для тых, каму трэба тэрмінова, — дадае дохтар ўжо пасля таго, як я паспеў пра сябе вылаяцца. А ў вачах яе чытаецца нешта добрае: спецыяльна для такiх iдыетаў, як ты.

Як мне паабяцалі, уведзены ў мой арганізм жывы вiрус павінен быў мяне раскілбасіць дзён гэтак праз некалькі — ужо пасля прыбыцця ў Гамбію. Я абыякава кіўнуў галавой, разумеючы, што пасля сутак пералёту мне так ці іначай наканавана правесці ладны час у гарызантальным стане. Між іншым, як у ваду глядзеў!

 

Start

Дамадзедава, затым Barcelona El Prat… Да мора ўсяго пару кіламетраў, але што з таго, калі няма шэнгенскай візы. У аэрапорце трэба тырчэць ажно 10 гадзін. У транзітнай зоне, хто б сумняваўся, нельга курыць.

Калі я познім вечарам прыляцеў у Банджул, дык замарыўся як чорт:  50 гадзін без сну, 20 — без цыгарэт. Мытня, сканер, вядуць да афіцэра. «Што гэта?» — пытае ён, пазіраючы на сумку з мікрафонамі. Я паказваю, і ў той самы момант адзін з мытнікаў здымае калаш з засцерагальніка. Апавядаю пра сваю высокую гуманітарную місію (дапамагчы гамбійскай хіп-хоп сцэне выйсці на новы ўзровень) — і, на шчасце, гэта спрацоўвае.

Ля ўваходу ў аэрапорт урэшце запальваю і спускаю жабракам расейскую дробязь (яны былі на вяршыні шчасця). Галоўнае пытанне, якое цяпер хвалюе — ці хто мяне тут сустрэне? Адказ пакуль адмоўны,  я трохі напружваюся і  запальваю другую. У гэты момант з’яўляецца мой «манагер». Усмешкі, фота на фоне аэрапорта, таксоўка, едзем.

— Глядзі, як тут цудоўна! Ты будзеш шчаслівы, што да нас трапіў! — хваліць сваю краіну «манагер». Я ахвотна пагаджаюся, аднак адзначаю, што паабапал дарогі да халеры прастытутак і пушараў.

— А, дык у пушараў толькі ганжа, — пасміхаецца «прымаючы бок».

Мне вылучаюць пакой з ложкам, маскіткай, прыбіральняй і душам. Дом аднапавярховы, але вялікі. Я задаволены: па мне гэта куды лепей за любы гатэль. «Манагер» знаёміць са сваякамі: «Гэта мой брат, завуць Сіруф, хоча ў цябе павучыцца і кабло пацягаць, а гэта дачка, завуць Аіда».

— Ну ў вас і імёны, а Тора з Зеўсам няма? — пытаю я, дастаючы прыдбаную па дарозе пляшку. — Хлопцы, я хачу кроплю джына і спаць.

— Мы не п’ем, мы па лайце, — адкзаваюць гаспадары. — А ты акліматызуйся, але калі праз пару дзён захочаш – высячэм. У Гамбіі за гэта смяротнае пакаранне.

 

А далей — мае падарожныя натакі, напісаныя неспарэдна на месцы падзей, у цёплыя гамбійскія вечары. Атрымалася ўрыўкава, бо як казаў адзін камрад «маё жыццё мне і пад чаркай не апісаць, а вам не выслухаць».

 

Надвор’е — Крым у верасні.  +15-18 уначы, +25-27 днём. Розніца хіба ў тым, што на падворку растуць бананы і цвіце манга, а ў небе — вялізныя арлы і грыфы. Казурак, акрамя звычайных мух, камароў ды мурашак, не відаць. Адпаведна, маскітка проста непатрэбная. У трэці дзень па прыбыцці  першы раз ужыў крэм ад загару, рэпелентам не карыстаюся. Прачынаюся. Выходжу. Процьма людзей, усе плачуць. Памёр суседскі хлопец, Я так зразумеў, СНІД, атрымаў у бальніцы, згарэў за паўгода. Снедаем. Высвятляю, што я знаходжуся ў цэнтры жылога прадмесця Банджула. Шпацыруем і аглядаем ваколіцы. Ніякіх гатэляў і рэкрэацый у радыюсе некалькіх кіламетраў. Цудоўна. Мясцовыя дзеткі нічога не выпрошваюць, а вось павітацца за руку — гэта з радасцю. Можа, таму, што я адзіны белы, які жыве ў гэтым раёне.

 

* * *

Пачынаем працаваць. Маніторы знайшлі толькі D-sub: грэбаныя еўрапейцы з амерыканцамі завозяць сюды толькі састарэлую і б/у тэхніку па шалёных цэнах. Нічога, што-небудзь прыдумаем. Вырашыў пад’ехаць у студыю «лепшага мясцовага прадзюсара». Зразумела, мой праваднік спазніўся на дзве гадзіны. Ну і халера з ім. Сядаем у  маршрутку, едзем да акіяну, пасярэдзіне шляху званок — мы ўжо прыйшлі. Выходзім з маршруткі, пехатой вяртаемся ў горад, па адзін бок дарогі вёска SOS па другі — сметнік, і ўсё гэтае хараство расцягнулася на некалькі кіламетраў.

Сустракаемся, сядаем у таксоўку і едзем у суседні горад. «Прадзюсар» умудрыўся спазніцца яшчэ хвілін на 20))) «Музыка і кіно — уменне чакаць, — кажу я, — таму не бярыце да галавы». Да слова, мой манагер (і ўжо, безумоўна, сябар) — вельмі абавязковы чалавек, у адрозненне ад астатніх гамбійцаў, ды і менчукоў таксама.

Тлумачу прадзюсару сутнасць праблемы. Заходзім у яго студыю. Сказаць, што параўнальна з ёй мая студыя выглядае як Abbey road — гэта не сказаць нічога. Сэтап: i-Мас G4, маркотная гукавая карта, старажытны пілаваны Logic, Audio-technika at2020, кітайскія 5” маніторы. Для неазнаёмленых — гэта танней за мой пералёт. Стаіць усё шчасце ў кутку бетоннага пенала памерам 1.5х4м. Пенал —  на падворку трохпавярховага катэджа, пабудаванага за кошт гуказапісу. Ёсць аб чым задумацца)))

Еду дадому ні з чым. Дэвайсаў, патрэбных мне, тут, вядома ж, не знайшлося.

 

* * *

Ежа. Форумы турыстаў пра Гамбію спярэшчаны парадамі сілкавацца толькі ў  рэстаранах для белых. Я быў паслухаўся, але ў адзінай тутэйшай кавярні для эўрапейцаў — прэсныя сандвічы, пенсіянеры ды разнаполыя sex-турысты. Ну іх. Мяне корміць жонка гаспадара. Нічога, акрамя рысу, уцямнаму апісанню не паддаецца, але надзвычай смачна. Арганізм задаволены.

Людзі. Толькі пазітыў. Толькі ўсмешкі. Усе пытанні праз усмешку, без розніцы якія. Пасля Менску цяжка пачаць усміхацца, але… намагаюся. Кава, тытунь і алкаголь не ў пашане, затое шмат людзей сядзяць на ходніках, вараць gunpowder на вуглях і дубасяць.

Банджул апынуўся зусім не маленькім, і ўсе мае спробы дайсці да акіяну поспеху не займелі. Спадзяюся, усё ж пачнуцца нейкія запісы, а праз тыдзень — наняць  машынку на пару дзён і пакатацца па краіне.

Беларусь. Польшчу яны лічаць часткай Расеі, а Беларусь — высокаразвітай самастойнай краінай, таму што… трактары, сельгастэхніка і ФК «БАТЭ». Беларусь ведаюць усе. Дарэчы, непадалёк ад мяне — установа пад назвай Theatre of dreams. Як вы думаеце, што гэта такое? Правільна, клуб для сумеснага прагляду футбола. У цэлым, усе цудоўна, і наогул незразумела, як можа быць інакш у краіне, дзе на мясцовай «пяцёрцы» дзіця з дрэдамі.

Неўзабаве ў мяне з’явілася каханая (малодшая на фотакартцы). Кожны раз, калі яна мяне бачыць, гаворыць: «Белы чалавек, я лублу цябе». Адказваю ўзаемнасцю, цукеркамі і печывам.

P1010023

Першыя праблемы з мясцовай флорай і фаўнай. Уваходжу ў свой пакой і бачу: нейкае стварэнне каля 5-6 см жвава выбягае з-пад кучы абсталявання на падлозе. «Камрад, што гэта?» — пытаю гаспадара. «Дык гэта ў нас пацукі такія дробныя». «А, дык вось што ў мяне пад ложкам робіць малаток!» — прыходзіць да мяне здагадка. Мне такія істоты нашкодзіць не могуць, а вось кабель перагрызці яны яшчэ як здатныя. Таму адгэтуль усё абсталяванне трымаю на вышыні ад падлогі.

У астатнім усё добра. Кашаль з катарам зніклі, рукі пасля вакцынацыі жоўтай ліхаманкай ужо амаль не трасуцца, бутэлька джыну яшчэ не скончылася, кавы п’ю мала, завязаць з цыгарэтамі пакуль не атрымліваецца, але імкнуся.

Таксі. Усе таксісты як таксісты: на 30-гадовых калымагах, размаляваных ямайскімі сцягамі ды выявамі ліста травы. А гэты з нейкага сполаху ездзіць з лагатыпам Nine Inch Nails на заднім шкле. Паспеў зазірнуць унутр — звычайны мясцовы малец. Шмат пра гэта думаў.

Паліцыя. Па-першае, здзіўляе тое, што палова ахоўнікаў парадку — жанчыны. Толькі ў адрозненне ад астатніх прадстаўніц прыгожага полу, якія маюць выгляд фанабэрысты і поўны годнасці (да першай усмешкі), гэтыя выглядаюць як смяшлівыя эцылопы. Не менш мілыя, праўда.

Замалёўка. Сяджу ў кавярні, побач маленькая дзяўчынка гандлюе пакуначкамі з вадой, з місачкі на галаве, вядома. З’яўляецца кліент па іншы бок дарогі. Дзяўчынка рэзка стартуе (пешаходныя пераходы адсутнічаюць як паняцце), таксіст спрабуе не прапускаць, але хто ж яе спыніць. Адкуль ні вазьміся, з’яўляецца жанчына ў форме, паркуе таксіста да ўзбочыны: маўляў, чаму перашкаджаеш дзіцяці на хлеб зарабляць? У дадатак бачыць непрышпіленага пасажыра. Гаманцы абодвух танчэюць на 200 д (5 эўра). Усе ўсміхаюцца, канфлікт вычарпаны.

Шыя. Мне зусім незразумела, як далікатная дзяўчына носіць на галаве тое, што рукамі падняць не ў стане (сам бачыў, паднімаць зазвычай дапамагаюць). І гэта пры выпрастанай як струна спіне і тонкай зграбнай шыі. Адной раніцай паспрабаваў пацягаць на галаве ўпакоўку вады (12 літраў). Тое, на чым галава трымаецца, доўга балела.

Фаўна-2. Прачынаюся ноччу, устаю высмаліць цыгарэту. Ліхтар, святло падае на вакно. З-пад фіранкі выкульваецца нешта, формай і памерамі падобнае да мадагаскарскага прусака. Малаток пад ложкам. Шмяк. Пакідаю труп паказаць гаспадарам – хай скажуць, хто гэта быў. Бутэлька джыну рэзка заканчваецца.

Прачынаюся. Трупа няма, ёсць толькі пару сківіц і трохі вусоў. Распавядаю гаспадыні, яна называе біялагічны від казуркі (неперакладальнае, але, здаецца, усё ж з сямейства прусачыных) ды тлумачыць, што труп з’елі пацукі. Угу, таўшчэзныя хіцінавыя крылы 4 см даўжынёй!

А на наступную раніцу да мяне ў пакой завітаў невялікі павук і доўга бегаў, выбіраючы сабе жыццёвую прастору. Хочацца верыць, ён прышоў з высакароднай місіяй абараніць іншаземца ад усялякай брыдоты.

Размовы. Іх шмат. Звычайна яны зводзяцца да неба над галавой і музыкі ўнутры. Абмяркоўваем 1994 год (прыход дзейных лідараў да ўлады ў абодзьвух краінах), 1996-ы (рэферэндум і тут, і там). «Наш любіць сельскую гаспадарку і музыку, народ наракае з-за бюджэтаў мясцовых фэстаў, але ён — нічога хлопец, звар’яцелы толькі» — кажуць пра свайго гамбійцы. Пашанцавала вам, наш любіць хакей.

Ежа-2. Учора атрымалася паспрабаваць тую страву, якая асабліва ўзражвае інтэрнацкіх суседзяў арабскiх студэнтаў у Менску. У нас гэта — смажаная кiлька ў таматнай полiўцы. У iх усё куды складаней — у першы дзень селядзец вараць, аддзяляюць фiле, засыпаюць таматамi, чылi ды спецыями. На наступны дзень, калі ён ужо замарынаваны — смажаць. Вельмi  смачна.

Дзед. Iду ў горад, сустракаю сляпога дзядулю. Вяртаюся. Стаiць на двары, знайшоў ляжачыя  граблi, сцыць на iх. Даю манету, спрабую вывесцi. Не iдзе, па-ангельску не размаўляе. Заходзiць у прысенак да суседзяў, тыя яго кормяць, падлiчваюць, што сабраў, размаўляюць з ім.

Бабуля. Першы дзень. Смуткуючыя сыходзяць, прыходзiць яна. Падзiвiцца, якога «белага» прыцягнуў унучак з мясцiн, назву якiх яна вымавiць не здолее.  Ашаламляльна прыгожая немаладая жанчына. Цюрбан. Нацыянальнае адзенне, дзве кiлi золата. Адразу пасля знаёмства яна мне кажа: спадар, вы павiнны са мной ажанiцца i забраць у сваю краiну. Ветлiва спасылаюся на суровы клiмат.

Гарбата. Нiякага дачынення да зялёнай гарбаты тое, што яны п’юць, не мае і блізка. Паспрабаваў. Спаў дрэнна. Бо таварыш мой бярэ пачак (25 г) кiтайскага чаю (яго жонка — палову пачака) на два iмбрыкi па 100 мл, на ўсё гэта — 25-30 г цукру. Яно неаднаразова кiпяцiцца з мясцовай травой пад назвай «нана». На смак — ядлоўцавы настой, дэ-факта — джын без алкаголю. Везці гэтую траву дахаты ў якасці мясцовага сувеніра я ветліва, але катэгарычна адмаўляюся.

Запiс. З манiторамi разабраўся даволi хутка. Але ў мясцовай краме не знайшлося мiкрафонных стоек. Так-так, у адзiнай у краiне музычнай краме не было мiкрафонных стоек!!! Трыццаць кiлават апарата ў шоўруме ёсць, а стоек няма, будуць праз месяц, кiтайскiя! Але ж усё роўна трэба неяк выкручвацца…

Учора ўвесь дзень сумаваў, што па вяртаннi ў Менск прыйдзецца вырашаць праблемы метафiзiчнага сэнсу, а не актуальныя клопаты сучаснага гуказапiсу накшталт «як перацягнуць студыю за некалькi тысяч кiламетраў лаўкостам ды адвадзiць крыс ад кабеля» i iншае.

 

* * *

На жаль, мая больш чым двухгадовая дыета на карысць кулiнарным здольнасцям не пайшла(((. Але ўсё ж наважуся распавесці пра сваю спробу далучыць брацкі народ да аднаго з найважнейшых набыткаў беларускай кухні.

Бульба. Бульба есць, але, калi зразумеў, што каштуе яна ў два-тры разы даражэй за рыбу, здзiвiўся. Высветлiлася, што яе прывозяць з Галандыi.

Алей. Сланечнiкавы, толькi нерафiнаваны, прыйшлося карыстацца мясцовым.

Патэльня. Практычна не ўжываецца ў мясцовай кухнi. Давялося купiць.

Смятана. Цудам знайшлася ў мясцовай iндыйскай краме пад назвай «Ёгурт натуральны». Смятана як смятана. Зразумела, салёная, як i большасць малочных прадуктаў.

Смак атрымаўся нядрэнны, усё з’елi (4 кiлi бульбы), але выгляд ))) ну, вы бачыце. Трэба па вяртаннi ўзяць пару майстар-класаў , бо так можна i дзяржаву асароміць.

P1010041

Наведаў мясцовы стадыённы канцэрт. З асаблiвых уражанняў:

Iдзём ад маршруткi. Мiма едуць (уразнабой) 2 лiмузiны, 4 цi 5 джыпаў i 3 грузавiкi з салдатамi, ў кожным — расчахлёны кулямет у кузаве. Неяк не па сабе.

— Што гэта? — пытаюся я.

—  Цi прэзiдэнт, цi нехта з вярхушкi едзе, — адказвае «манагер».

— Чаму з куляметамi?

— Баяцца, што зрынуць, бо некалькi разоў ужо спрабавалi.

Затое, нiякiх вобыскаў i металашукальнiкаў на ўваходзе, ахова, як i публiка, даволi прыязная.

Апарат. У краiне два рэнталы (2!!!). Адзiн — прыватны, адзiн — прэзiдэнцкi. Гэты прэзiдэнцкi — «Стэк Дынакорд» 90-х гадоў. Кансолi — саундкрафт гоўст 64 ч, манiтор 48 ч. І тут, мабыць, англiчане ухiтрылiся ўцюхаць сэканд хэнд. Але неяк гучыць.

Музыка. Усё, што з’яўляецца ф’южнам памiж традыцыйнай музыкай i сучаснай, гучыць шалёна энергiчна i смачна — нягледзячы на тое, дзе я, а дзе хiп-хоп))). Традыцыйную ж у чыстым выглядзе ўспрымаць складаней, але таксама заходзiць. Смецце таксама было, але мала.

Вельмi здзiвiла: перад хэдлайнерамi (гамбiйскi і сенегальскi калектывы) — гадзiннае гумарыстычнае шоу на мясцовай мове. Сумаваў, пiў каву, смалiў.

Асаблiвую радасць даставіў калектыў, якi граў тое, што ў Еўропе называецца tribal. Склад — устаноўка (жывая), 2 джэмбе, бас, гiтара, два клавiшнiкi (ДХ 7 i Каваi пiяна).

…I нiякага алкаголю ды п’яных твараў. Некалькi чалавек пад нечым (а магчыма і проста ахопленых шалёнай энергiяй). Усюды пазiтыў.

А наогул трохi змарыўся i сумую. Застаўся тыдзень))), што будзе з запiсам — пакуль незразумела…

 

* * *

У пятнiцу нiбыта буду ўдзельнiчаць у нейкай праграме на мясцовым радыё. Трэба, адчуваю, браць беларускую музыку. Пакуль на розум прыйшлi  «Тройца», Оvervoltage (быу ў нас з Уладам Бубенам такi праект) i Gods Tower. А вы што б прапанавалі?

Ну, тут каментаваць няма чаго — дабраўся да акіяну. Калi не лiчыць Паўночнага мора i Пярсiдскай затокі, упершыню ў жыццi)))

P1010076

Званочкi, што проста так мяне Афрыка не адпусцiць, паступалi i паступаюць штодня. Дакладнае ўсведамленне прыйшло учора: Дж — калi плануеш прыехаць назаўседы; Я — нортх ман, беларус павiнен жыць у Беларусi; i разумею, што нясу нешта ня тое, аж халадок па спiне праскочыў.

Белавiа, ай лав ю. Ну што, выбiрацца мне адсюль доўга — нейкага ражна ў маiх квітках з Масквы стаiць няправiльная дата, падтрымка (супорт) Белавii — проста бязглуздзiца, другi дзень не магу перанесцi дату вылету, вiдаць, ехаць мне любiмым 21-м цягнiком ранiцай 13-га)))

I ўсё зразумела, акрамя аднаго — чаму сарваўся самалёт Масква – Мiнск, я не хачу тусiць па Маскве — там холадна, Пуцiн i алiмпiяда, а я ў кедах))). Хоць Афрыка не настойвае, а быццам бы падміргвае. А я ўжо сумую па людзях у Менску. І  наогул, якое жыццё без гарэлкі і сала?

Ранiшнi намаз. Напачатку было дзiўна, калi цябе кожны дзень будзяць у 5.00 адразу дзесяць з гакам мячэцяў. Дзень на дзесяты пачаў назiраць за сабой звычку прачынацца у 4.50-55. У гэты час заадно і пацукi разбягаюцца, ужо прывучаныя, што зараз пачнуць чытаць каран i па пакоi будзе бегаць белы чалавек з малатком)))

Радыё West Cost: весела. Музыку iнет-кафэ  выпампаваць не дало, знайшоў на лаптопе рэшткi  вясельнага дж-сэту Кацярыны Цiмафеевай i В, шпарылi жалезнага ляпiса — больш нiчога не знайшлося, але было весела.

Мова. Соцыякультурная дэпрывацыя поўная: я за тры тыднi ні разу не размаўляў на родных мовах, i амаль столькi не гутарыў з чалавекам аднаго са мной колеру скуры. Цiкава, што будзе ў Менску))) А вы кажаце — патэльня))) Перыядычна мясцовыя сябры гавораць, што зробяць з мяне гамбiйца. Мне здаецца, яны памыляюцца: я ўжо.

Ад’язджаць неяк не хочацца, зусiм. Сення легкi шторм, ноч, акiян свецiцца планктонам, а заўтра вечарам стартуюць мае на гэты раз 30-цiгадзiнныя вандраваннi па самалетах i аэрапортах((( магчыма, лепш вы да мяне? Па тутэйшых цэнах я яшчэ паўгода працягну, не працуючы)))

Можна шмат пiсаць пра блуканнi па el prat i iнш. Але ну яго. Гэтае фота, бадай што, будзе вартым завяршэннем маёй эпапеi. Сфатаграфаваць не ўдалося — на буслоў у Гамбii дазволена паляванне, адпаведна, чалавека не падпускаюць на кiламетр. Але колькасць не меншая, чым на Беларусi))) Такое вось беларуска-гамбiйскае сяброўства. Калi ўбачыў, аж праслязiўся)))

You’ve been my family for more than 3 weeks, and I think still you are. I miss you…

Тэкст: Яўген Рагозін

Расшыфроўка і пераклад на нармальны язык: Алена Карзюк

Літаратурная апрацоўка:Ільля Сьвірын

 

September 29, 2016

keywords: , , , , , , ,

printe-mailshare

advertisement