LOGIN

ART

Трансгрэсія ў прагрэсіі

17 снежня а 18-й у НЦСМ тутэйшая міждысцыплінарная багема муціць нардычную трансгрэсіўна-прагрэсіўную вечарыну мультымедыйных праектаў «Наскрозь».

1207734Канстанцін Мужаў, фота: Яўгенія Мужава

Майстры і павеліцелі слова, голаса, гука, фарбы, рытма і рыфмы ставяць амбіцыйную задачу стварэння новага арт-кантэксту ў нашым гарадку, дзе творцы і публіка фатальна разведзеныя, а сучарт часцяком праходзіць не па мастацкай, а па міліцэйская лініі.   

Чакаецца выступ наступных артыстаў: Aortha, Buben, Naruszewicz, Baisan, Сяргей Ждановіч, Канстанцін Мужаў, Сяргей Пукст, Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk (Яўген Рагозін, Павел Вайніцкі, Ілля Сін, пры ўдзеле Таццяны Ткачовай). Мы спыталі Ільлю Сіна з чаго ўсё пачалося, навошта яму гэта трэба, ці будзе працяг, чым гэта імпрэза розніцца ад звычайнай салянкі і якім чынам яна можа садзейнічаць наладжванню камунікацыі між кантрыб’ютарамі і рэцыпіентамі арт-прадукту.

«Па вялікім рахунку, усе нашы арганізатарскія і куратарскія праекты абумоўлены толькі адной прычынай: адсутнасьцю ў Менску адэкватнага кантэксту, у які магла б уліцца група «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk». Зразумела ж, такая праблема ёсьць і амаль ва ўсіх арт-праектаў, якія радыкальна ня ўспісваюцца ў паўсюдны тутэйшы поп-фармат. Адпаведна, нічога не застаецца, як толькі гэты кантэкст ствараць, аб’ядноўваючы ўласныя сьціплыя намаганьні. Глупа чакаць, што нехта гэта зробіць за цябе. Фармаваньне арт-кантэксту (як і паразуменьне паміж аўтарам і рэцыпіентам) — гэта складаны працэс. Але важна рабіць хоць нейкія канкрэтныя крокі.

Паглядзім, што атрымаецца. Нават калі зусім нічога, усё адно будзе нагода выпіць у добрай кампаніі. Чым адрозніваецца ад салянкі? Сапраўды, праграма не атрымаецца цэльнай. Некаторыя яе пункты будуць разрываць мозг, некаторыя — радаваць вуха. А ўсё таму, што ўдзельнікі плятформы — людзі вельмі розныя. Але я схільны лічыць гэта перавагай, а не недахопам. Аднастайнасьць падаецца мне сумнай, ня кажучы ўжо пра эпігонства і адпаведнасьць трэндам.

Да ўсяго, нас аб’ядноўвае адна вельмі важная рыса — мы робім тое, што лічым патрэбным рабіць. Той кантэкст, пра які я казаў, — гэта своеасаблівы новы андэрграунд, які контарпазыцыянуе сябе ўжо не якімсьці ідэалягічным парадыгмам, а духу грамадзтва спажываньня зь яго прымітыўнай аксыялягічнай сыстэмай. Паводле яе, тое, што мы робім, ня мае сэнсу, бо не прыносіць ніякіх дывідэндаў. Але калі ты робіш менавіта такія рэчы, дык папраўдзе адчуваеш сябе чалавекам — у глыбокім анталягічным сэнсе слова. «Наскрозь» — гэта назва арт-кнігі Русавай. Думаю, гэта слова перадае агульны дух тых трансгрэсіўных творчых практыкаў, які будуць прадстаўлены ў праграме.

Людміла Русава (1954 — 2010) — культавая фігура айчыннай арт-сцэны. Магчыма, менавіта яна была першай у беларускай прасторы, хто ўсвядоміў умоўнасць «цэхавых падзелаў» у мастацтве і неабходнасць няспыннай трансгрэсіі ўласнай творчай практыкі. Атрымаўшы «манументальную» акадэмічную адукацыю, Русава выяўляла сябе ў перформансе, літаратуры, відэа-арце, нават у ДПМ! Але пры гэтым усё, што яна рабіла, мела выразную пячатку аўтарства. У той самы час, важна падкрэсліць, што імпрэза не будзе мець мемарыяльнага характару. Нам проста важна, каб гэтае прозвішча як мага часцей гучала сёння, у век татальнай атамізацыі, калі сукупнасць імёнаў і з’яваў беларускага мастацтва ўсё цяжэй уяўляецца як цэласны культурны кантэкст».

Ільля Сін

December 09, 2016

keywords: , , , , , , , , , , , , , ,

printe-mailshare

advertisement