LOGIN

MUSIC

Атамную лучыну — у кожную хату!

Шаноўныя працуюшчыя і дармаедствуюшчыя крыэйтары і спажыўцы альтэрнатыўнай культуры! Да 15 красавіка ёсць выдатная магчымасць замовіць новую кнігу клясыка сучліта, сучпопа і сучарта Уладзіміра Банько.

На пляцоўцы talaka.by працягваецца збор грошаў на войстрасацыяльную багата ілюстраваную ксёнжку Ярылы Пшанічнага «Атамная лучына». Уклаў кнігу паэт і літаратуразнавец Віктар Жыбуль, а выдаць яе збіраецца выдавецтва «Галіяфы». Кніга будзе выдадзена аб’ёмам больш за 360 старонак на крэйдаванай паперы, у цвёрдай вокладцы, з вялікай колькасцю ілюстрацый, фотаздымкаў з перформансаў і літаратурных выступаў.

Ужо сабрана 80 % неабходнай сумы і цяпер менавіта ад вас залежыць паспяховасць гэтага лёсавызначальнага для Бацькаўшчыны праекта. Гражданам, якія жылі тут апошнія 20 год і ведаюць, што «Навінкі» — гэта для здаровых людзей, няма патрэбы тлумачыць, што Ярыла Пшанічны — не піўны брэнд. Астатнія могуць азнаёміцца з біяграфіяй народнага паэты (і пры жаданні замовіць кнігу) тут.

Чаму я называю яго народным? Ды хоць бы таму, што ў сітуацыі, калі 70 процэнтаў насельніцтва ня можа назваць ніводнага(!) сучаснага беларускага літаратара, мае бацькі не вагаючыся ставяць Пшанічнага ў адзін шэраг з Бураўкіным і Барадуліным. Пры гэтым яны слыхам ня слыхівалі пра Хадановіча, Марціновіча, Сашу Філіпенку і прочых модных пісацяляў, якіх так апантана раскручваюць «незалежныя» СМІ.

Валера Краснагір

talaka.by

Я спытаў у асабіста знаёмых з народным акынам заслужаных дзеячаў контаркультуры Ільлі Сіна і Вольгі Гапеевай у чым была ягоная адметнасць як чалавека i артыста, чым іх прываблiвала музыка i паэзiя Вовы, i як яны вызначаюць яго месца ў найноўшай культуры Беларусi.

Ільля Сін: Казаць пра «месца на культурнай мапе» ў выпадку з Банкерам вельмі складана: гэта быў чалавек працэсу, які ніколі не імкнуўся да фіксацыі ў ім сваёй ролі. Статусы, лаўры, усемагчымыя клішыраваныя эпітэты выклікалі ў яго хіба іранічную ўсьмешку. Ён жыў тут і цяпер, натуральна і нязмушана выяўляючы свой творчы патэнцыял у самых розных формах. І ніколі не імкнуўся чагосьці дасягнуць — адчуваньне кожнага канкрэтнага моманту было для Вовы куды важней. «Нерукачынныя помнікі» ў любым выглядзе яго не цікавілі. Гэты герой культурнай сцэны адметны ўжо хаця б сваім шызоідным досьведам спалучэньня дзьвюх іпастасяў.

З аднаго боку — рафінаваны інтэлігент, які вырас на Праспэкце, любіць «кіно не для ўсіх» ды стварае выкшталцоную электронную музыку, цікавую графіку і поставангардовыя рускамоўныя вершы. З іншага боку — люмпэнізаваны пралетарый з заўсёдным пладоваягадным амбрэ. Відавочна, гэтым розным людзям было цеснавата ў адным целе, і часам здавалася, што Ярыла Пшанічны паціху пазбаўляе жыцьцёвай прасторы Вову Банько. Паэтычны праект-маска станавіўся сапраўдным альтэр-эга. Але здараліся і моманты, калі Пшанічны з Банько заходзілі паразуменьне, саабражалі на дваіх і ладзілі дзівосныя супольныя праекты, мяшаючы немяшальнае — элітарнае і вульгарнае. Банкер з розным посьпехам праявіў сябе ў самых розных відах і жанрах, але пры гэтым варта адзначыць і яшчэ адну яго немалаважную ролю ў культурным працэсе: ён заўсёды быў чулым ды ўдзячным рэцыпіентам.

Лішне казаць, што апошнім часам такіх куды меней, ніж саміх стваральнікаў. Ён быў адным зь вельмі нешматлікіх тутэйшых аўтараў, якія не замыкаліся ў абалонцы свайго эга, але заставаліся адкрытымі і цікаўнымі да вонкавага сьвету. Вова быў заўсёды рады дапамагчы іншым рэалізаваць іх задумы, задавальняючыся ў гэтых праектах другімі ролямі. І такой сьціпласьці папраўдзе варта ў яго павучыцца.

Вольга Гапеева: Адметнасць Уладзіміра Банько была ў ягонай неверагоднай светласці, мне здаецца, нават калі ён і хацеў раззлавацца, у яго атрымлівалася злавацца толькі на сябе самога. Такім ён запомніўся мне. Паэзія Ярылы Пшанічнага прыцягвае, у першую чаргу, добрым пачуццём гумару, трапнымі назіраннямі за рэчаіснасцю, цытатнасцю, калі асобныя радкі хочацца ўзгадваць і паўтараць. Феномен паэзіі Вовы досыць унікальны для нашай сённяшняй білінгвальнай культуры, а з лінгвістычнага пункту гледжання — гэта яшчэ і цэлы пласт для даследаванняў.

Музычны бок творчасці Вовы мне асабіста блізкі, як, думаю, і яму ў нечым была блізкая мая паэзія (на некаторыя мае вершы ён зрабіў музычныя трэкі, за што яму вельмі ўдзячная). Хоць мы абсалютна розныя паэты, але менавіта так часта і бывае, калі ў творчасці мы адны, а ў жыцці трошку іншыя. І мне здаецца, што Вова ў жыцці быў больш падобны да маёй паэзіі, чым да сваёй 🙂 Такая меланхалічнасць, задуменнасць і часам быццам  разгубленасць чыталася на ягоным твары, але ў паэзіі ён пераўвасабляўся і тады пачынаў гучаць голас «народнага» паэта Ярылы Пшанічнага, які, без сумневаў, ёсць ўнікальнай з’явай беларускай паэзіі. Чытаць можна і трэба абсалютна розным людзям, бо шматграннасць паэзіі Вовы дазваляе шырыню інтэрпрэтацыі.

З той самай «атамнай» паэмы:

Зруйнаваныя тут
Усе межы
У сталовых прэкрасная
Дыетычная ежа!

З лясоў грыбы
Самі сябе збіраюць
Смажацца ў алеі
Людзей заклікаюць!

Кот скраў язык
І амерыканцы чакаюць
Вопытаў вынікі
Сярод пустыні самі растуць
Саўрэменныя палікліннікі!

Тут і авечкі, бараны
Кролікі
Нават ізлечацца тут
Алкаголікі!

Пячонкі
Прасвеціш атамам,
Радыяцыяй
І можаш бочкамі
Бухаць цэлы тыдзень
Май рацыю!

March 23, 2017

keywords: , , , , , , ,

printe-mailshare

advertisement