LOGIN

ART

Невераготны мыжчына Ярыла Пшанічны

19 красавіка будзе ўжо два гады, як Валодзя Банько выправіўся ў захапляльную іншасветную вандроўку. Ён пакінуў нам багатую музычную, мастацкую і паэтычную спадчыну, на асэнсаванне якой спатрэбяцца яшчэ дзесяцігоддзі.

Частка гэтых скарбаў будзе апублікавана ў кнізе «Атамная лучына», якую з любоў’ю і глыбокім пагружэннем у тэму, сабраў ягоны блізкі сябра, паэт, перформер і літарутуразнаўца Віктар Жыбуль. Унікальнасць літаратурнага стыля Уладзіміра была ў тым, як зухавата ён міксаваў адшуканыя на задворках глябальнай і местачковай поп-культуры тэмы з авангардам, віртуозна ўплятаючы іх у мэйнстрым. Ягоныя вершы можна смела было ўключаць у школьныя і ўніверсітэцкія праграмы яшчэ ў 00-я, але нізкая культура нашай чынавецкай і калятворчай эліты не дазваляе зрабіць гэта нават сёння…

Чакае сур’ёзнага даследвання мова Ярылы Пшанічнага. Распрацаваны і ўзняты ім на касмічную вышыню варыянт трасянкі можа стаць тым самым алхімічным пятым элементам, які ажывіць памерлых тубыльцаў, верне іх ў культуру і цывілізацыю. Дастаткова аб’явіць яе трэцяй дзяржмовай, і тады ніякі русскій мір нам будзе не страшны.

Ніжэй мы публікуем прадмову Віктара Жыбуля да «Атамнай лнучыны», урывак з паэмы і малюнкі Уладзіміра Банько, некаторыя з якіх увайшлі ў кнігу. На пляцоўцы talaka.by да 13 красавіка можна паўдзельнічаць у краўдфандынгавай кампаніі па збору грошай на выданне і стаць шчаслівым уладальнікам гэтага каштоўнага артэфакта.

Беларуская літаратура надзіва багатая і шматмоўная. Вось гартаеш шасцітомны біябібліяграфічны даведнік «Беларускія пісьменнікі» і шмат пра каго чытаеш: «Пісаў на беларускай і рускай мовах». Альбо: «Пісаў на беларускай і польскай мовах». Радзей сустракаецца, напрыклад, і такое: «Піша на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах», «Пісала на яўрэйскай, рускай і беларускай мовах», «Пісаў на беларускай, рускай, сербахарвацкай і балгарскай мовах». І нават: «Піша на беларускай, украінскай і польскай мовах, на бельскай гаворцы, пераходнай паміж беларускай і ўкраінскай мовамі». Калі-небудзь, калі выйдзе чарговае дапоўненае выданне даведніка, у ім будзе і біяграфія Ярылы Пшанічнага з пазнакаю: «Пісаў на “трасянцы”, рускай і беларускай мовах». Напэўна, неяк так. Але першай будзе пазначана менавіта «трасянка». Былі б там і пэўныя факты біяграфіі паэта: «Ярыла Пшанічны (сапр. Уладзімір Банько; іншы псеўд. Вова Банкер) нарадзіўся 1 лістапада 1973 г. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Працаваў…».

Спадзяемся, што ў даведніку з энцыклапедычнай дакладнасцю будуць пералічаны ўсе месцы, дзе працаваў Уладзімір. Нам жа, яго сябрам, знаёмым і калегам па літаратурна-мастацкай альтэрнатыўнай супольнасці, адразу прыгадваецца былое бамбасховішча пад адным з дамоў каля плошчы Перамогі, пераабсталяванае пад камерцыйную краму. Менавіта тут Вова гандляваў аўдыё- і відэа-прадукцыяй. Сутарэнне, аблытанае каларытнымі трубамі з масіўнымі кранамі, было сапраўдным месцам паломніцтва сталічных меламанаў і кінаманаў, якім Валодзя заўсёды мог ненавязліва параіць свежыя дыскі і – тады яшчэ – касеты.

А аднойчы ў падвальчыку пасялілася сапраўдная труна. Гэта была тая самая дамавіна, якую наша «Спецбрыгада афрыканскіх братоў» скарыстала падчас перформансу «Культ асобы» на фестывалі «Навінкі-99». Дырэкцыя Палаца мастацтваў не дазволіла нам пакідаць яе ў прыбіральні («Прыбярыце хутчэй, а тое народ пужаецца!») – вось і давялося з ласкавага дазволу Вовы, нязменнага ўдзельніка «Спецбрыгады» ад пачатку яе ўтварэння, перацягнуць дамавіну ў падвал, дзе ёй адразу ж знайшлося месца пад лесвіцаю. Там яна і праляжала ажно да вясны 2000 г. Успомнілі ж пра яе перад імпрэзай «Дзень муміфікатара» ў клубе «Альтэрнатыва» (былая «Рэзервацыя»), дзе «Спецбрыгада» вырашыла чарговы раз напалохаць публіку. За гэты час труна паспела месцамі падгніць і абрасці нейкімі грыбамі. Аббінтаваныя афрыканеры – Уладзімір Банько, Міхась Башура і, здаецца, Альгерд Бахарэвіч – у плаўках і з ліхтарыкамі ў ілбах пры патушаным святле зноў вынеслі ў ёй свайго правадыра. Пасля імпрэзы «Спецбрыгада» вырашыла падарыць труну «Альтэрнатыве»…

Так, Уладзімір быў яшчэ і перформерам. Многія памятаюць яго па суполцы «Механёры Культуры». Але спачатку ён удзельнічаў у «Тэатры псіхічнае неўраўнаважанасці» пад кіраўніцтвам Іллі Сіна, пакуль не быў выпадкова траўмаваны іншым удзельнікам «Тэатра», які вёў Вову на павадку і занадта моцна пацягнуў за яго. А потым – ужо выступаючы ў складзе «Спецбрыгады» – Уладзімір пабываў у Любліне, Берліне, Санкт-Пецярбургу… Некаторыя называюць тыя перформансы радыкальнымі. Сапраўды, імітацыі пахаванняў, біццё сырых яек, публічнае паяданне сырога мяса і абліванне шампанскім – выяўленчыя сродкі, якія могуць шмат каго шакаваць. Іншая справа – у імя чаго ўсё гэта. Памятаецца, неяк на пачатку 2001 г. «Спецбрыгада афрыканскіх братоў» рыхтавала перформанс «Труп дыктатара» ў кінатэатры «Ракета». Кіраўнік «брыгады» Зміцер Вішнёў разгрузіў заплечнік і мяшкі, дастаўшы рэквізіт і сцэнічныя строі – вайсковыя шынялі. Вова раптам заўпарціўся:

– Не, я гэта не апрану!

– Чаму?

– Каб я – і надзеў мілітарысцкую вопратку!?

Змітру давялося некалькі хвілін угаворваць Вову – маўляў, гэта ж дзеля мастацтва, дый перформанс скіраваны якраз супраць дыктатуры, ваеншчыны і гвалту, і твае перакананні ад гэтага не пацерпяць. Так абодва перформеры і выйшлі – у шынялях і з панчохамі на галовах… Не прыгадаю, каб Вова калі-небудзь моцна злаваўся ці нерваваўся. Агрэсія ў любых праявах была ўвогуле яму не ўласцівая.

А яшчэ Уладзімір Банько захапляўся фатаграфіяй – любіў здымаць розныя куткі Менска з аскепкамі савецкай і дасавецкай даўніны, густыя лясы з мудрагелістымі перапляценнямі камлёў, галін і карэнняў, маляўнічыя нарачанскія краявіды – родныя мясціны сваіх продкаў. Працаваў і як мастак-графік: афармляў кнігі і часопісы, маляваў коміксы… Памятаецца яго выстава ў Музеі імя А. Бембеля ў адзін з сонечных дзён красавіка 2001 года. Сярод траіх мастакоў, якія тады прапанавалі свае працы публіцы, Валодзя быў самым маладым і самым авангардным.

Але найбольш актыўна Уладзімір Банько рэалізоўваў сябе ў музыцы. Асабіста я ўпершыню пазнаёміўся з ім на пачатку 1998 г. У той час ён граў у гурце Flowervill на не зусім традыцыйным для музыкі інструменце, імя якому – электрадрыль. Flowervill быў толькі адным са шматлікіх музычных гуртоў і праектаў, да якіх прыклаў руку Вова, прычым для яго яўна не асноўным: былі ж яшчэ Cage, Gub, Karaoke Vomit, «Икакинстинкткейджа», «Барадаты Грынвіч», Lucky Luck, «Буслік супраць Кадука», «Рацыянальная дыета», Generation Skweee, «Князь Мышкін» і, безумоўна, сольны электронны праект Roomdark.

Называючы сябе «прадстаўніком музычнай меншасці», Вова здольны быў расчуць музыку там, дзе многія іншыя чулі толькі шум. Музыку ён здабываў і з бляшанкі з пабітым шклом, і з кухоннага посуду, і з вентылятара, а асваенне камп’ютарных праграм адкрыла для яго новыя творчыя далягляды і новыя палі для эксперыментаў. Памятаю, як ён з замілаваннем расказваў пра нейкі люк пад чыгункай у раёне дэпо: як туды можна залезці з дыктафонам і запісваць грукат цягнікоў проста над галавой – такія сабе нарыхтоўкі для будучых сэмплаў.

З усіх праектаў, у якіх быў задзейнічаны Вова Банкер, «самую зразумелую» музыку граў, напэўна, рок-гурт «Барадаты Грынвіч». Гэта былі вясёлыя песні на словы як класікаў (Ян Чачот, Янка Купала, Юльян Тувім), так і сучаснікаў (Усевалад Гарачка). Аднойчы пасля сумеснага выступу ў вёсцы Мётча вядомы літаратар і бард Серж Мінскевіч вырашыў выказаць Вову сваё захапленне згаданай камандай:

– Мне падабаецца «Барадаты Грынвіч», файныя песні ў вас атрымліваюцца. І ўвогуле, добра, калі ёсць музычны слых.

– У мяне няма музычнага слыху, – прызнаўся Вова.

– Ну, голас ёсць у цябе!

– І голасу таксама няма.

– Як жа ты тады спяваеш!?

– Проста раву, – развёўшы рукамі, шчыра ўсміхнуўся Вова.

У музыцы Уладзіміру Банько была блізкая канцэпцыя, згодна з якой музычны калектыў можа выступаць на кожным канцэрце пад новай назвай – бо кожны раз атрымліваецца нешта новае, асабліва калі імправізаваць. Нешта падобнае было напачатку ўласціва і яго літаратурнай дзейнасці. Зірнем на яго раннія публікацыі ў друку. Перад намі невялікі, але даволі стракаты шэраг абсалютна розных выданняў: тут і самвыдатаўскія, збольшага рукапісныя  часопісы «Выгребной кошмар» (1997) і «Выгребная яма» (2002), і незалежны інтэлектуальны Nihil (2000), і нават рэспубліканскі часопіс творчай моладзі «Першацвет» (1999). Што ні публікацыя – то новы подпіс: то пашпартнае Владимир Банько, то прыяцельскае Володя Банько, то еўрапеізаванае Banker_KV (з адсылкай да музычнай дзейнасці: KV – гэта скарочанае Karaoke Vomit), а то і ўвогуле: «Автор – Вовка. Да все его знают!» Аднак усе гэтыя літаратурныя іпастасі Уладзіміра Банько па вядомасці і папулярнасці перасягнуў Ярыла Пшанічны, творы якога пачынаючы з 2000 г. актыўна публікаваліся ў анархісцкай газеце «Навінкі», а потым – у альманаху «Тэксты» (2008, 2009), інтэрнэт-часопісе «Новая Эўропа», газетах «Піўная» і «Мірны атам».

Калі казаць дакладней, Ярыла Пшанічны стаў не проста подпісам-псеўданімам, а каларытнай літаратурнай маскай – аўтарам і персанажам у адной асобе (нават з фотаздымка над некаторымі публікацыямі на нас глядзіць не сам Валодзя, а нейкі незнаёмы вусаты дзядзька). У беларускай літаратуры ён набыў вядомасць пераважна дзякуючы іранічным і сатырычным вершам і паэмам, свядома напісаным на «трасянцы». Праўда, да гэтага паэт прыйшоў не адразу, пераадолеўшы пэўныя этапы творчага шляху. Пачаў ён пісаць у 1990-х гг. на расейскай мове, і трэба сказаць, што яго ранняя творчасць таксама не была пазбаўленая лінгвістычных эксперыментаў, натхнёных, хутчэй за ўсё, паэзіяй футурыстаў, а часткова, магчыма, і абэрыутаў:

бровь рва – овраги рта

поле ликом кличет течь весною

серых трав небесных туч пробитых клином солнца

теплотой обняв гудящий рыхлый чернозем

он на коленях

речью – червием поющий песнь отцом

Тут бачыцца стылістычная блізкасць да таго, што рабілі на пачатку ХХ стагоддзя Велімір Хлебнікаў і Павел Філонаў. Але такія лабараторныя эксперыменты, відаць, не ва ўсім і не заўсёды задавальнялі Уладзіміра Банько, і ён звяртаўся да больш экстравертнай паэзіі «народнага рупара» – ад хлебнікаўска-філонаўскага футурызму пераходзіў да футурызму Маякоўскага, які ў яго зазнаваў парадызацыю і набываў рысы хутчэй сац-арту, чым «сур’ёзнага» спадкавання традыцыі:

страна ширится ввысь

размах велик

мрёт под ногами век

мы обратим вспять

течения бурных рек

мы попросим

милая река

нельзя ли вам плыть на север

она ответит

конечно да

ведь вас взрастил ленин

Ствараў Банкер і шумавыя вершы, якія ляжаць у адной роўніцы з яго шумавой музыкай, яго камп’ютарнымі эксперыментамі, яго электрадрылем:

ФАРШ ШАРФ ФАРШ ШАРФ ФАРШ ШАРФ
ЧУГУННЫЙ МОСТ
ФАРШ ШАРФ ФАРШ ШАРФ ФАРШ ШАРФ
ВЕЧЕРНИЙ ГУЛ

ФАРШ ШАРФ ФАРШ ШАРФ ФАРШ ШАРФ
РАБОЧИЙ ПОСТ

ФАРШ ШАРФ ФАРШ ШАРФ ФАРШ ШАРФ
КОПЧЕНОСТЬ СКУЛ

[…]

ФАРШ SCHARF ФАРШ SCHARF

ФАРШ SCHARF KAMERADSCHAFT

ФАРШ SCHARF FLEISCH ФАРШ SCHARF SCHLAG

Як бачым, змяшэнне моваў было характэрна для Уладзіміра Банько на розных этапах творчасці. Зварот жа да трасянкі можна патлумачыць па-рознаму. Магчыма, паэт разумеў, што ў сучаснай беларускай сітуацыі «з цэлым народам гутарку весці» будзе больш актуальна, пераканаўча і эфектна не на чыста расейскай мове, а так, як тут народ і гаворыць. Сам аўтар не без іроніі распавядаў, што некалі Зміцер Вішнёў параіў яму пісаць па-беларуску, аднак засвоіць мову Валодзю было цяжкавата – вось і пачала атрымлівацца «трасянка», а разам з ёю – Ярыла Пшанічны. Так што створаны паэтам вобраз мае і яўныя рысы самапарадыйнасці.

Тут хацелася б зрабіць удакладненне. Вову Банкера ўсё ж болей ведаюць у музычным асяродку, а Ярылу Пшанічнага – у літаратурным (але было б недакладнасцю сцвярджаць, што Банько-паэт і Банько-музыкант – асобы не ўзаемазамяняльныя: памятаецца, у афішы адной з вечарынаў паведамлялася, што «вершы Ярылы Пшанічнага будзе чытаць Вова Банкер»). Прытым, у адрозненне ад лабараторнага эксперыментатара Вовы Банкера, трыбун-анархіст Ярыла Пшанічны – асоба публічная. Пакуль першы засяроджана варожыць над пультам і лэптопам, другі гастралюе па замежжы і выкрыквае ў рупар свае вострасацыяльныя вершы. Крамяным сатырычным радком Ярыла Пшанічны з зайздроснай аператыўнасцю адгукаўся на кожную гучную грамадскую і палітычную падзею – ад мясцовага маштабу да міжнароднага. Вершы пісаліся натхнёна і з запалам, адразу ж выкладаліся ў блогі і сацсеткі і выклікалі ў публікі шчыры смех.

Уплыў інтэрнэт-культуры з яе павышанай інтэрактыўнасцю прыўнёс у паэзію Ярыла Пшанічнага такую рысу, як дзённікавасць. У сеціве паэт адчуваў сябе як рыба ў вадзе і лёгка перакідваўся з сябрамі вершаванымі экспромтамі альбо спяшаўся ўсім паведаміць – зноў-такі ў вершах – пра тое, калі ён збіраецца ў Піцер, а калі ў Кіеў, якая музыка яму падабаецца і што ён толькі што з’еў або выпіў. Нават у яго першай кнізе «Пішчавыя лішкі»(2011) творы размешчаны пераважна ў тым самым парадку, у якім спачатку з’яўляліся ў інтэрнэце. Дый, па словах самога аўтара, пра ўласную кнігу ён нават не думаў – пакуль яму не прапанавала надрукаваць яе выдавецтва «Галіяфы».

«Пішчавыя лішкі» Ярылы Пшанічнага былі ўспрынятыя кімсьці захоплена, а кімсьці насцярожана. Яны змяшчалі ў сабе закладзеную выбухоўку правакацыйнасці і хуліганства – як эстэтычнага, так і моўнага. Яшчэ б: на пачатку ХХІ стагоддзя цэлы паэтычны зборнік выходзіць на «трасянцы»! У той час, калі ў паўсядзённым жыцці на «трасянцы» размаўляе так шмат народу, што яе жартам называюць «трэцяй дзяржаўнай мовай», трасянка ў літаратурна-мастацкім творы ўспрымаецца як нешта малапрымальнае і маргінальнае. Бо нам заўсёды ўнушалі, што мова пісьменніка – таго пісьменніка, які выдае кніжкі і вучыць добраму і вечнаму, – павінна быць бездакорнай і эталоннай.

«Трасянка» апраўдвалася хіба што як моўны сродак для стварэння партрэта пэўнага персанажа – як правіла, не зусім станоўчага ці, як найменш, малаадукаванага. Адразу прыгадваецца Мікіта Зміцеравіч, герой рамана Ніла Гілевіча «Родныя дзеці», з ягоным «Бывае, выйдзеш вутрам з хаты – / Так благавухае сярэнь». А цяпер уявіце сабе, як бы выглядала, калі б той Мікіта ці нехта падобны да яго адчуў у сабе паэтычны дар і пачаў складаць вершы? Напэўна, прыкладна так бы і выглядала – як у творах Ярылы Пшанічнага.

Зазначым, што ў сваёй творчай стратэгіі Пшанічны не адзінокі. Яго найбліжэйшыя літаратурныя пабрацімы – гэта Сірожка Пістончык (alter ego Сяргея Прылуцкага) і ягоны сябар Уласік Смаркач, аўтары празаічнай кнігі «Йопыты двух маладых нелюдзяў», таксама выдадзенай на «трасянцы». Узгадаем і некаторыя вершы Дзяніса Хвастоўскага, Анкі Упалы, аповед «Дзевяць з палавінай начэй» Бабы Броні, творчасць гурта «Разбітае сэрца пацана», песню Андрэя Хадановіча «Дзяўчонка з Беластока»… Але менавіта для Ярылы Пшанічнага трасянка стала асноўнай працоўнай мовай, дзякуючы якой ён набыў літаратурную вядомасць і да якой ён звяртаўся свядома і паслядоўна цягам 15 апошніх гадоў жыцця. «Трасянка» і толькі «трасянка»! Нешматлікія вершы, напісаныя за гэты час «чыста» па-руску і па-беларуску, выглядаюць толькі невялічкім дадаткам да ўсяго трасянкамоўнага тэкставага масіву.

«Гэта кніга-пародыя, кніга-здзек з нашай псеўдаінтэлігентнасці, з гэтага заскарузлага жыцця», – выказаўся пра «Пішчавыя лішкі» паэт Сяргей Сыс. У камічна-абсурдовым выглядзе паўстае тут беларуская чарачна-шкварачная рэальнасць, шчыльна запоўненая прапагандай, папсой, «грызнёй, намовамі і спрэчкамі» – тая рэальнасць, ад якой Ярыла Пашанічны не аддзяляе і сябе. Аўтар-персанаж можа шчыра хваліцца тым, што здолеў выпіць у ганлёвым цэнтры «прынясённае бухло» альбо са смакам апісваць сваю ранішнюю гарэлачную вакханалію пад песні зорак беларускай эстрады. Ён можа заўзята лаяць, напрыклад, субкультуру эма («калі ў цябе модная чолка / ты не чорта не ведаеш толкам»), а потым нечакана абвясціць, што адзіны ў свеце эма – гэта ён, Пшанічны. І разам з тым дэманструе свядомую грамадзянскую пазіцыю: змагаецца за экалогію ці абураецца дзеянням архітэктараў, якія праектавалі ў цэнтры Мінска «Манхэтан». Шмат сцёбу перападае і замежнікам. Ярыла Пшанічны іранічна прызнаецца ў любові да в’етнамцаў –«змагарам супраць імперскіх скацін», французаў бэсціць за іх прагу паласавацца беларускімі жабкамі, а амерыканцам раіць: «забыў вялікую родную мову? / у хлеў пасьпяшайся там ёсьць карова».

Адзін з улюбёных прыёмаў Ярылы Пшанічнага – давядзенне да абсурду, дзякуючы якому яго вершы часам выглядаюць як «дрэнныя парады» для дарослых:

кожнаму кантралёру выдаць табельны пісталет

плюс франтавых сто грамаў глыток

натоўпам браць кожны аб’ект

страляць усіх хто не мае квіток

Альбо:

гані гурманскі смурод

знішчай эстэцкі лад

раскрыць лядоўні-турмы

прадуктам – libertad

«Атамная лучына» – другая кніга Ярылы Пшанічнага. Яна нашмат аб’ёмнейшая, аздобленая ілюстрацыямі і фотаздымкамі і, на жаль, пасмяротная: жыццё паэта раптоўна абарвалася 19 красавіка 2015 года. Назву кнізе дала аднайменная паэма, над якой Ярыла Пшанічны працаваў на працягу 2010 – 2011 гг. Гэта саркастычны водгук на рашэнне будаўніцтва АЭС у беларускім Астраўцы, стылізаваная пад фальклор і фантастыку гісторыя пра тое, як «Янка марыў стаць атамшчыкам. Яго абразіў Нячысьцік Д’ябла, каб скрасці вялікі беларускі сакрэт, накіраваў у будучыню і ажаніў». Падзея, якая рызыкуе абярнуцца для беларусаў чарговай экалагічнай катастрофай, мала каго пакідае абыякавым. І сатырычная зброя Ярылы Пшанічнага прыдалася даспадобы Беларускай партыі «Зялёныя»: на старонках яе газеты «Мірны атам» паэма публікавалася невялікімі часткамі цягам двух гадоў. Па тэхнічных прычынах не быў надрукаваны толькі фінал-эпілог, за тэкст якога ўкладальнік шчыра дзякуе Максіму Вельветаву. І вось менавіта там, у эпілогу, Ярыла Пшанічны паўстае найбольш удумлівым і сур’ёзным, а яго іронія набывае зусім «чорнае» адценне: «Спачатку народ / Крэміруем / А потым д’ябла / Прэміруем». Гэта акурат тое, што крытык Міхась Южык адзначыў, разглядаючы яшчэ папярэднюю кнігу Ярылы Пшанічнага: «Так, блазенства і сур’ёзнасць, бяздумная радасць і горкі смутак – у жыцці зусім побач стаяць, і маюць уласцівасць вокамгненна трансфармавацца адно ў адно»(«Тэксты», 2012, № 2).

Акрамя паэмы, у кнігу ўвайшлі вершы Ярылы Пшанічнага, якія пісаліся з 2000 па 2015 год і ў папярэдні зборнік не ўвайшлі. Яны збольшага працягваюць сатырычна-іранічны кірунак, зададзены ў першай кнізе. Паэт, верны свайму анархісцкаму амплуа, працягвае сцябаць і беларусаў і замежнікаў, і ўладу і апазіцыю, і гопнікаў і інтэлігенцыю, і сябе асабіста, і, па вялікім рахунку, саму паэзію – калі, парадзіруючы заштампаванасць прыёмаў мастацкай вобразнасці, аўтар звяртаецца да трэш-эстэтыкі кшталту «Сонца градусам калоціць / Кулаком па галаве». У героях многіх вершаў можна пазнаць грамадска-палітычных дзеячаў Беларусі і замежжа. Пакуль што можна. Бо злабадзённыя творы маюць адну досыць крыўдную якасць – яны хутка састараваюць. І, магчыма, гадоў праз дваццаць многія вершы Ярылы Пшанічнага давядзецца перадрукоўваць толькі хіба што з гістарычнымі каментарамі. Хоць самі па сабе яны казычуць нашае ўспрыманне зухаватай гульнёю словаў кшталту «– ты, угашчаеш? / – я ж уга чавес…» альбо «па твары ўладара ўжо пацяклі / буйныя кроплі пол пота». А можа, не варта хвалявацца на гэты конт? Можа, па вершах Ярылы Пшанічнага калі-небудзь будуць вывучаць нашую гісторыю – як па гэткім займальным навучальным дапаможніку? Магчыма і такое. Любім жа мы калі-нікалі пачытаць ці паслухаць палітычныя анекдоты пра даўнія ўжо часы.

Вершы ў новай кнізе пададзены ў храналагічнай паслядоўнасці, аднавіць якую аказалася вельмі лёгка: пераважную большасць вершаў паэт змяшчаў у інтэрнэце адразу ж пасля напісання, а калі выкладваў старыя, дык звычайна пазначаў пад імі і дату. Час з’яўлення некаторых больш ранніх вершаў адноўлены паводле публікацый у газеце «Навінкі», а пазнейшых – паводле датаў стварэння файлаў doc – апошнім часам Ярыла Пшанічны амаль цалкам «камп’ютарызаваў» сваю творчасць і вельмі рэдка браўся за паперу. А вось рэдагаваць творы было нялёгка: цяжка зразумець, дзе аўтар рабіў памылкі наўмысна, а дзе проста з неахайнасці – бо не сакрэт, што многія вершы паэт так спяшаўся выкласці ў інтэрнэт, што ні на граматыку, ні на пунктуацыю асабліва і не зважаў, дый не філолаг ён па адукацыі – усіх моўных нюансаў не ведаў… А некаторыя вершы аўтар відавочна набіраў на камп’ютары без беларускай раскладкі клавіятуры. Таму давялося-такі крыху прайсціся па вершах рэдактарскім вокам і прыбраць тое, што выглядае на сапраўдныя абдрукоўкі альбо робіць трасянку не зусім натуральнай (гэтыя ‘ть’, ‘де’, ‘рі’, ‘іу’, ‘ау’ і г. д.). Аднак сякія-такія словы, якія Ярыла Пшанічны паслядоўна паўтарае, выпраўляць было шкада, бо яны надаюць яго вершам нейкую непаўторную абаяльнасць: мыжчына, худчэе, злавільлі, дзьзякуй, невераготны

Многае не ўвайшло ў кнігу проста таму што апынулася па-за фарматам. Згадаем, што акрамя вершаў Ярыла Пшанічны пісаў празаічныя нататкі, фельетоны, кінарэцэнзіі, вёў рубрыкі «Народная мудрость» на сайце «Мирный атом» і «Гон наўздагон» у газеце «Піўная», маляваў коміксы, даў некалькі цікавых і запамінальных інтэрв’ю… А кнігу хацелася б выдаць усё ж паэтычную, бо акурат пра гэта ў апошнія месяцы жыцця падумваў і сам Вова.

Дзьзякуй табе, невераготны Ярыла Пшанічны, за тваю творчасць!

Віктар Жыбуль

 

Ярыла ПшанічныЗ паэмы «Атамная лучына»

 

  1. 5. Горад

 

Зруйнаваныя тут

Усе межы

У сталовых прэкрасная

Дыетычная ежа!

 

З лясоў грыбы

Самі сябе збіраюць

Смажацца ў алеі

Людзей заклікаюць!

 

Кот скраў язык

І амерыканцы чакаюць

Вопытаў вынікі

Сярод пустыні самі растуць

Саўрэменныя палікліннікі!

 

Тут і авечкі, бараны

Кролікі

Нават ізлечацца тут

Алкаголікі!

 

Пячонкі

Прасвеціш атамам,

Радыяцыяй

І можаш бочкамі

Бухаць цэлы тыдзень

Май рацыю!

 

Зайдзеш

У піўны амбар

І за хвілінку

Пашырыш абшар

 

Па бульварах гуляюць

Атамныя дзяўчыны

Ідзі са мной –

На вуха шэптам клічуць –

Пакажу вам радзіму!

 

Вылечваюцца калекі

З моладзю разам

Адрываюцца на

Дыскатэке

 

Горад шчасьця жыве, дышыць

Для сям’і

Двайняты – не навіна

За раз нараджаюцца

Дванадцаць і болей

Аднолькавых людзей-іспалінаў!

 

Жыццё – кайф

Ніякага гемара

Рассмакталась

Над Беларуссю

Залежнасьці цемра!

_______

 

Тыдзень змяняе тыдзень

За Янкай сочыць

Д’яблаўскі злыдзень

 

Як завалодаць

Пацанскім сэрцам?

Як падкапацца

Да юнага перца?

 

Слаў яму баб прасталытачных

Сапляшачнікаў сяброў

Не цікавіць Янку распутства

Не ўскіпне яго кроў

 

Сядзіць да начы

Схіліўшысь над ксёнжкай

Ён марыць стаць майстрам

Над атамным сонцам

 

Не цікавяць яго

Агалёныя цёткі

А толькі адны

Каляровыя кнопкі

 

З юнака

Не адтрымаецца толк

Няма крыві ў яго –

Адзін электрычаскі ток

 

Хвалююцца нават бацькі

Сынок – бабыль бабылём

Няма ўнукаў

Старым на радасьць

У лістах ні слова па беларускі

Адна матэматычная гадасьць

 

Цяпер АЭС мала яму

Запрос агромны

У сваёй галаве

Пацан пабудаваў

Калайдэр адронны!

_______

 

Дзеўкі з песьнямі, вянкамі

Акружылі Янку

Ён у адказ ім:

Мая жонка далжна быць

Іншапланецянкай!

 

Не дарма ў башке маёй

Расшчапляе думкі атам

Срамата ўся – не па мне

Я не лаюсь матам!

 

Новы план вось, новы рух

Знае рукаводства

Прадстаўляю новы труд –

Ноў-хаў, вынаходства!

 

Людзі ўсе павінны быць

Між сабой калегасябрам

Трахач і паганы блуд

Не для богабаязных

 

Вочы – лампы

Пальцы – штэпсёля

Баба для рабочых –

Каханне наўсігда!

 

Медная кашуля

Жалезны капялюш

Для дзяўчын працоўных

Самы лепшы муж

 

Пасля працы нікалі

Галава ў іх не баліць

Ні салодкіх слоў ні фраз

Яны працуюць дзень і ноч

Толькі ад трох фаз

 

Раптам неба грукатнула

Выбух, ляск, маланкі!

Зоркалёт з-за шэрых хмар

Засігналіў морзай Янке…

 

April 03, 2017

keywords: , , , , , , , , , , , , , ,

printe-mailshare

advertisement