LOGIN

TEXT

Зноў няўжо латышы жадаюць вайны?

19 красавіка 2015 года памёр мастак, музыка, літаратар Уладзімір Банько. Неўзабаве ў выдавецтве «Галіяфы» выйдзе кніга «Атамная лучына», у якую акрамя аднайменнай паэмы ўвайшлі вершы, што друкаваліся ў газэце «Навінкі» і блогах Ярылы Пшанічнага.

Фота: Слава Дрыбас

Сёння з ласкавага дазволу ўкладальніка кнігі, паэта, перформера і літаратуразнаўцы Віктара Жыбуля мы друкуем некаторыя замаскіраваныя пад палітычны сцёб творы народнага акына. Напісаныя 15 гадоў таму вершы ня толькі не страцілі актуальнасць, але і набрынялі нейкім гаркава-салодкім прысмакам абсурднай цыклічнасці  тутэйшай рэчаіснасці, у якой «улада», «апазіцыя» і «народ» ніяк не могуць (або не хочуць) выслізнуць з міфа ў  рэальнае жыццё. Мы ўсе працягваем жыць у створаным Ярылай на пачатку нулявых сусвеце, проста некаторыя з нас гэта ўсведамляюць, тады як другія шчыра прымаюць дэкарацыі за рэальнасць. Разбурыць гэную матрыцу можа самаіронія, дэфіцыт якой пакуль адчуваецца ўва усіх праслойках і закутках грамадства. Вершы Пшанічнага — для псіхічна здаровых людзей. Не хварэйце!

 

Ярыла ПШАНІЧНЫ

 

86 / УГОДКІ

Пiянер
жэрцi марозева кожны дзень кепска
ад яго трупехлыя чорныя зубы
тлушч рыбiн жлокай конаўкай хутчэй
да iмперыалiстычных цацак будзь грубы
а кволым ласаўкам ганьба кажам галосна
гнаць несьвядомых з беларусi савецкай
з хаты вынясем буржуйскiя звычкi
на закaланне гурманаў як сьмецце

1990-я; 19.05.2008

 

ХАЧУ НА ЗАВОД…

Учора
Я быў на заводзе.
Там лепшыя людзі краіны
Точаць дэталі штодня, штоноч,
Схілёныя над супэрмашынай,
Ператвараюць хвіліны ў год.
У вачах кожнага вялікая радасьць,
Зараз любога на пачотны стэнд!
Разгарні сэрца, упэўнен, пабачым:
Там над законам працуе сам Прэзыдэнт.

2000

 

БАЦЬКАВЫ РУКІ

А вы бачылі ягоныя рукі!..

Калі ў яго далонях колас,
Спалоханае дзіцё,
Зямлю ён трымае ў далонях,
Аддавае сваё цяпло.
Яго пальцы трымаюць паперу –
Гэта першы народны закон.
Далонь яго маша ў адказ прывітаньнем
Жыхарам, пасунуўшымся з акон.
А патрэбна –
Будуць трымаць яны зброю.
За кожнага беларуса ён
Не пабаіцца адказаць галавою.
Ён за нас, за ім – мільён!

А вы бачылі ягоныя рукі!..

2000

* * *

Зры ў корань, разам з намі

Пі “Прамень”.

Мы сапагамі,

Глоткай, палкай і рукамі

Будзем землю абуджаць,

Рукавоцтва праслаўляць.

Трэзва адкажам:

Нам не патрэбны

Дрэнныя позіркі іх дэмакратаў,

Цягнуць у цемру Краіну Саветаў

Шчупальцы спрута лжэдэпутатаў.

Вам, адраджэнцы, сорам згубіўшым,

Хочацца зразку Капры-Таіці.

Тайнага зговару, як павучары,

Вы заплялі небясьпечныя ніці,

Ціхінька седзячы ў сваім асяродзьдзі,

Вы гаварыце, што вы за народ.

Навошта гаўна інфармацыяй корміце

Нявінныя вушы дзяцей і сірот!

І тады, калі вы іх адурманіце,

То заганяеце на сходку-шабаш.

Закон народны яны праступаюць,

Іх душы за долар ідуць баш на баш.

Упэўнены, сытна харчуясь, так лёгка

Жыць паразітам у сэрдцы страны.

У западных банках на гэтую справу

Грабёце доўгай лапатай “грыны”.

Я кажу так, Прэзыдэнт гэта бачыць,

Ведае па імёнах кожнага з вас!

Нядоўга на сьвеце вам верхаводзіць –

Перамогі ідзе ўжо час!

2000

* * *

Пашпарт прыгодны для шматразовага

выезду ва ўсе краіны свету

Гой, да, гой, да,

Пляшы, беларусачка,

Дуй у дуду, селянін –

За кардон у пашпарце

штампа ня будзе.

Не будзе штампа, а зь ім

Ня нада плаціць пяць мінімалак,

Доўга таміцца ў чарзе.

Прыгажосьці чужыя можна пабачыць,

Басанож прабяжацца па нямецкай зямле.

Гэта ўсё добра, но ёсьць адзін момант:

Кожны палітнекарэктны, палітненадзейны хрэн

Бруднай вадой на Захад будзе сачыцца

Празь мяжу нашых сьцен.

2002

 

ОДА

Шаноўны сябра, любімы сусед!
З прыездам цябе – жыві тышчу лет.
У руках трымай моцна дзяржаву.
Табе, міратворцу сусьветнаму, слава!
Наш край табе поспехаў толькі жадае,
Ва ўсіх пачынаньнях хай бог памагае.

Хутчэй забірай свае падарункі,
А нам дасылай торты, ласункі.
У нас усё добра, цікава жыць.
Калі ёсьць што бальное, хвароба зьбяжыць.

Каб былі добрыя зубы,
Табе дапаможа зубр.
Каб сярдэчных часоў не спынілась работа,
Лячыцца к нам едзьце – у нас ёсьць балота.
Каб расла шэвелюра, былі вусы,
У нас ёсьць слуцкія паясы…

І будзе здароўе заўсёды кароўе.

Век ад веку, увогуле, хай будзе так!
Шчасліў будзь, сябра, паважае хай враг.
P.S.
З намі чэсна zussamen жывіце,
Сваімі рэчамі нас не гнявіце.
Болей эканамічэскі не прыцясьняць,
Цэнтар Эўропы рукой не чапаць!
Вот жа ж вылез, піцерскі гусь!
На калені зваліць жадаў Беларусь!

Горача зьдзекам адкажам – НЕТ!
Рабі сабе сам палітычны мінет!

2002

 

РАДАСЬЦЬ

Народ немагчыма
Падмануць,
Падкупіць,
Аскапіць,
Запалохаць.
Ён галасуе душой,
Ён мае права любіць
Бацьку нацыі, безь якога плоха.

Цьвёрдай рукой, крывёю сваёй
Адказаў кожны сумленна.
Багдад і Ірак сем год будуць жыць.
З наймудрэйшым Саддамам Хусейнам.

Калі небясьпека над краінай вісіць,
Баксавай лапай Буш разгуляўся.
Іракскі народ паўстаў як адзін,
Пад сьцягам Радзімы сабраўся.

Было б добра, каб і ў нас
Кожны балеў галавой і сэрдцам.
Да выбарчай урны ідзі грамадой!
Ня будзь апалітычным перцам.

Беларусы, вы не рабы! –
– усе на выбары!

2002

 

ПАДАРУНАК НАРОДУ

Хай праступнік вялікі,

Хай забойца, хай вор.

Абвяшчае, што будзе чэсным –

З такога зьняць прыгавор.

 

І два дні расчынены дзьверы,

Два дні свабода гудзіць,

Два дні спалоханым зьверам

Буш у Вашынгтоне сядзіць.

 

Ня ведаў айцец капіталу,

Ня верыў у Ірацкі цуд.

Два дні – і няма крыміналу!

Дзяржаўны зачынены суд.

 

Вось хто любіць, хто паважае

Вялікую моц народа,

Любоўю за любоў “атвячае” –

Адзіны бой іх сардэц,

Пустыню зрабіў райскім садам

Багдадзкі вечназдаровы мудрэц.

 

А вы, краіна “мрой” і “свабод”,

У вас перапоўнены турмы,

У вас запалохан народ,

Жах і лухта ля выбарчай урны…

 

Вас трасе мілітарыстычнай гістэрыкай.

Вас вельмі шкада, АМЭРЫКА!

2002

 

ХЛОПЧЫК І ЛЁТЧЫК

Хай знаюць,

Хай ведаюць ўсе

Тайную мэту ОБСЕ!

Калі ўсё цудоўна, калі ўсё добра,

Краіна цьвіце, благаухае,

З-пад калоды Еўропы гадзінай-кобрай

Лезуць імпэрыялістычныя вертухаі.

У нашым доме ўсё для народа –

Бясплатна вучысь, лячысь, жыві.

А вы, сталбняка ўзбуджальнікі,

У беларускай схавалісь крыві.

Неверагодна, но факт:

Пад эгідай супрацоўніцтва і бясьпекі

Гэтыя сымулянты дабра

Злачынства робяць і зьдзекі.

Не падабаецца вам наш ідэал,

Наш вобраз жыцьця, закон.

Дыскрэдытацыя нашай Радзімы –

Брудны, жадасны вам эталон.

Незразумела, чаму

сеюць яны чуму?

Проста як лыжка іх мэта:

Беларусь на пагост са сьвету!

 

2002

 

НОВЫЯ РУХІ

Хачу растлумачыць,

На чый такі густ

Беларусі ўступленьне

ў Эўрасаюз.

 

Гэта ўбачыць сьляпы,

Адчуе таксама хто глух.

Працаваць будзе на нашай зямлі

Еўрапейскі так званы “рух”.

 

Тры аксакалы палітычных інтрыг,

Магістры гульні ў пі-ар,

Амаль што не богі.

Дзесяць год праз пустыню

Нас будуць вясьці

Да агульных каштоўнасьцяў

Па доўгай дароге.

 

Спачатку жадаюць неяк там рыхтаваць,

Нібыта якое мы быдла,

Зноў няўжо будуць нас катаваць –

Па справах мінулых відна.

 

Збываюць направа, налева

Родныя Белыя Росы.

Кованым лапцем шагаюць

Старыя новыя грантасосы!

2002

 

ПАЛЯРНЫ КРУГ

Гэта вам не хакей, гэта ня лыжы,
Ні якія другія спартыўныя віды.
Беларуса нага будзе таптаць
Векавыя льды Антарктыды.

Кантынэнт калючага сьнега,
Зьюшаных завірух, мароза крутога –

Дасьледчыкам гэта як родны дом,
Гэта іх вырай, ня знаюць другога.

Яны залезуць на пікі вяршын,
На салазках будуць лётаць са спускаў,
І нават самы дробны пінгвін
Ведаць будзе язык беларускі.

Неба – кавалак шкла галубога,
Сонцам халодным край апалёны.
Сярод белай пустыні будзе стаяць
Дзяржаўны сьцяг чырвона-зялёны.

Я веру – будзе вясьці экспэдыцыю
Не адмарозак, ня член апазіцыі,
Не расейскі тайны агент,
А наш дарагі прэзідэнт!
P.S. Гэта ўсё размінка для нас,
Чакай беларусаў,

Марс!

2002

 

ЗАГАЛОВАК

 

Гэта вам не Dr. Dre, гэта ня Scooter,

Беларусь на сусьветны рынак выдае

Супэрактуальны кампутар!

 

Што можа Расея?

Там – анархія і алігархія,
На гадоў сто краіну сьцянулі ўніз

Прапуцінскія манархі.

 

У нас навука жыве!

Нашы партнёры – В’етнам, Кітай.

Будуюць нашы праграмеры

Сучасны, сусьветны рай.

 

З гэтай машынай, скажу вам шчыра,

Беларусь будзе кожны турыст узгадваць,

Як тэхнічны кландайк,

Як інжынер постсавецкі вырай.

 

Усё растлумачана для хлебароба:

На Жданах нават будуць ўсе размаўляць

На супэрсучасных дваічных кодах.

 

Будуць усе знаць Бэйсік, Асэмблер, Java, C++

Кампутар – у кожную хату!

Кампутар – клас!

2002

 

ВЕРАЛОМСТВА

 

Што хаваць, усе хочуць у NATO,

Ня будзем крывіць душой – гэта так.

За сьпіной заходняга салдата

Адсядзецца ў час міжнацыянальных драк.

Але

Калі ў народу ёсьць заветная мроя,

Яму не патрэбная ніякая зброя!!!

Калі народ працуе так, каб дакрануцца да зорак,

Яму не да ўсякіх там нафтаразборак…

Калі народ богам абраны, калі ў народу дар,

Яму не патрэбны ніякі радар.

А

Што нарабілі чудзікі-латышы –

У NATO жадаюць, у NATO пайшлі.

А

Што нарабіў іх уладар –

Трохпамерны паставіў ваенны радар.

Цяпер у вёскі Атрушын

Некія вайсковыя вушы

Штодня, штоноч сачыць будуць за вадой і сушай.

Цяпер як на далонях паветранае прастранства

Беларусі, Расеі і другіх гасударстваў.

Зноў няўжо латышы

Жадаюць вайны?

Здаецца мне, спадары вуаярысты,

Такое рабілі толькі нацысты!

2002

 

РЭЙКАВАЯ ВАЙНА

Танцуй усякі, хто молад, хто стар,

На чыгунцы нашай ёсьць свая супэрстар.

Гэта дзяўчо не згубіла нічога ў сталіцы,

Яна на маршрутах твая правадніца!

 

Усё будзе блясьцець і сьвіркаць,

Яе не патрэбна доўга шукаць.

Жадаеш гарбаты, кавы, лімона,

Усяго ў гаспадарцы яе дастаткова.

Пакліч у паўголаса томна: Тацяна!

І ўжо стучыць лыжка па сьценках стакана.

Калі ты спалохан, прысьніў жудасны сон,

Яна калыханку зацягне на цэлы вагон.

Калі ў дарозе скука, нудота,

Ня будзе ёй сумна – гэта работа.

Гарэлку ўсю сьпілі, зьелі ўсю кілбасу.

Толькі скажы, у адказ – “Зараз нясу!”

 

Гэтай міс беларускай магістралі стальной

Халадзільнік уручылі за труд неблагой.

Сёньня ў дарозе безь яе нікуда,

Пачотны і важны труд правадніка!

2002

 

ЗАПАВЕТНАЯ МАРА

Паступіць у ВНУ жадаюць усе –
Любімая праца, дастатак у сям’е.

Гэта не сакрэт і ня тайна,
Туды іспыты – цяжкая справа.
Падручнікі абітурыенты зубраць
Зправа налева і зьлева направа.

Хто сумленна жадае грысьці навукі граніт,
А хто туды проста ад войска бяжыць!!!

Хто марыць быць сьлесарам, хто маляром,
А хто напралом паступае проста паўсюль –
Дзе-нібудзь атрымаецца, што-нібудзь палучыцца.
А на справе што? – падвох і хлусьня.
НІХТО Ў ВНУ НЯ ВУЧЫЦЦА!!!

Сьцяпуху дарам цягнуць з Радзімы,
А самі бухаюць, трапляюць у міліцыю.
Пры ўсім, самае невераготнае ў тым –
Дыхаюць неабыякава ў бок апазіцыі.

Калі вучышся на дзённым,
Ад войска гарантавана адсрочка.
Адмяніць усю гэту фігню!
У салдацкія боты ўсіх абібокаў
ТОЧКА.
P.S.

у ВНУ жадаюць усе
але патрэбна гэта стране???

гэты вунь глядзi праграмiст
а на самай справе пафiгiст-нiгiлiст
веды высмагтаў з радзiмы
а сам працаваць на мальдзiвы

той скончыў iнстытут
народнай гаспадаркi
а працуе ў АБЭПе
дзе толькi хабар ды п’янкi

вунь алоўкам журналiст
у кнiжачку пiша нешта
ванiты на бацьку вылiў
Радзiму прадаст за рэшту

толькi рабочы краiну спасе
добрая моцная сiлiшча
ВНУ ўсе зачынiць, квiтнеюць няхай
прафесiйнa-тэхнiчныя вучылiшчы !!!

2002

 

СЫМБАЛЬ РАДЗІМЫ

Калі ў краіны супэрздароўе,

Моц і сіла волата,

Трактарабудоўе расьце ўгару

З дапамогай сярпа і молата.

 

Дзе б ты ні быў:

Віетнам, Аргентына, Ангола –

Беларускі трактар працай сваёй

Поіць і корміць сьвету палову.

 

Нам не патрэбная зброя,

Не патрэбна ніякіх нам бомб.

Мы разьвіваем тэхнічны прагрэс,

Бартавы на трактар паставілі комп.

 

Цяпер, калі машыне патрэбны рамонт,

Табе, трактарыст, добры кандышн.

Кампутар усё вырашыць сам,

Як на нябёсах усявышні.

 

Прэч, лянота, хутчэй бягі,

Любы селянін працаваць!

Патрэбна будзе – будзем вучыць

Над полем наш трактар лятаць!

2003

 

ЗАГАЛОВАК

 

Мой мілы кут вечназялёны,

Поле, блакітнае неба, дрыгва,

Людзі, шчаслівыя невыпадкова,

Песьні сьпяваюць ў лясах да утра.

 

Дзецям заўсёды хапае прысмакаў.

Жарты, усьмешкі, танцы, гульба.

Сінеружовыя твары рабочых

Глядзяць ганарова. Праца – Барба.

 

Хай хто ня верыць, не прызнае

Дзяржаўную вялікабеларускую сілу.

Такіх ашчапенцаў з гісторыі ВОН!

Варыць зь негадзяяў – МЫЛА!

 

А дарагіх нашых людзей

Успамінае стары і малы.

Хто ня знае сьвятое – ШАГАЛ!

Вон, гэць, бягі са страны!

 

Цяпер любы нармальны сучасны чувак

Набывае бяз жалю і болю

Абазваны радным імём манітор,

Ведай спадчыну – долю!

2003

 

Я ГАНАРУСЯ

Хай сьвішча бес, песьню зацягне ўсявышні –

Беларусь паступае ў касьмічаскі клюб.
У краіне сваёй мы нічога не зьнішчым,
Сьвяткуем навуковы hi-tech шлюб.

Свой спадарожнік мы пабудуем,
У нябёсы адправім куб з мэталу.
Хай скрозь прасторы радыёхваляў
Гучна грае песьня цымбалаў!

Космас – ня толькі ўгоры надоі,
Ня толькі калгасьнікам плюс.
Хай наш першынец малы
Адновіць былы Савецкі Саюз.

Гэта як зубр, як МАЗ, БелАЗ,

Як Радзімы каханай твар –

Зараз будзе назаўсёды ў нас
Суперсусьветны беларус-гаспадар!

Хай у недругаў-негадзяяў-фашыстаў
Душу запоўніць зайздрасьць і горыч.
Наш першы спадарожнік мы назавем
Ад шчырага сэрца проста “Рыгорыч”.

2003

April 19, 2017

keywords: , , , ,

printe-mailshare

advertisement