LOGIN

ART

Ghosts Of Tacheles vs ГОСТ СССР

28 красавіка ў прасторы «Верх» анарха-духі берлінскага Тахелеса завітаюць у ghostі да духаў плана і стабільнасці, якія час ад часу працягваюць настальгічна наведвацца на былы ўсезаюзны тэлевізійны флагман «Гарызонт».

Фота: Валерый Воранаў

Пяць гадоў таму спыніў існаванне культавы берлінскі кунстхаўз «Тахелес». Вялізны пашарпаны будынак у цэнтры капіталістычнага мегаполіса прыцягваў натоўпы наведвальнікаў сваёй непараўнальнай ні з чым атмасферай творчай свабоды — на самай мяжы з вар’яцтвам. Яе стваралі мастакі з усяго свету — і, не ў апошнюю чаргу, з Беларусі. Галоўныя выставачныя прасторы арт-цэнтра шмат гадоў займалі цыклапічныя палотны Алеся Родзіна, а ў межах фестывалю «Дах» у «Тахелесе» стараннямі яго галоўнага «рухавіка» Змітра Юркевіча выступілі некалькі соцень беларускіх аўтараў усіх магчымых відаў і жанраў.

Здавалася б, такое месца на свеце можа быць толькі адным, і паўтарыць яго ніяк не атрымаецца. Але… прывіды «Тахелеса» па-ранейшаму блукаюць па Еўропе, і цалкам магчыма, што яны асядуць на ПМЖ менавіта ў Мінску! Выстава Алеся Родзіна Global Warning/ Global Warming пераехала з Берліна ў прастору «Верх», што пазіцыянуе сябе менавіта як пляцоўка для творчага эксперыменту і нечаканага сінтэза розных мастацтваў.

А 28 красавіка там адбудзецца фэст, які збярэ беспрэцэдэнтна моцную абойму мэтраў беларускага андэрграўнду. Гэта будзе мастацкі трып працягласьцю ў шэсць гадзін! Дзьве сцэны! Болей за 20 удзельнікаў! Новыя эксклюзіўныя праекты, гукавыя і візуальныя эксперыменты, нечаканыя творчыя калабарацыі, эпатажныя перформансы… Усё гэта і павінна ўтварыць тую вычварную куламесу, якая дапаможа публіцы адкрыць шлях у новую рэальнасць. Хэдлайнерам фэста стане легенда беларускага незалежнага мастацтва — пластычны тэатр Вячаслава Іназемцава InZhest з новым, як заўсёды, нечаканым перформансам.

Галоўны рэжысёр шасцігадзіннага постапакаліптычнага кабарэ «Прывіды Тахелеса» Ільля Сін адказаў на нашы пытанні і параіў прыходзіць на шоў у радыкальна ружовым з водарам бабалгумы.

Фота: Дзіна Даніловіч

Чым ты кіраваўся пры фармаванні лайнапа? Што яднае ўдзельнікаў фэста?

У пераважнай большасьці, туды патрапілі тыя праекты, якія ўтвараюць пэўны пласт тутэйшай сучаснай культуры — я б назваў яго «новым андэрграўндам». У адрозьненьня ад старога, які вызначаўся найперш індывідуальным супрацівам ідэалягічнаму ціску, новы мае куды больш эфэмэрнага супраціўніка — грамадзтва спажываньня, якое навязвае свае законы і ў сфэры культуры. Мы не ад гэтага сьвету, і таму мы нафіг яму не патрэбныя.

Гэта людзі, якія кіруюцца ўласнымі поглядамі на мастацтва і мала пераймаюцца тым, што на дыскатэцы ў нашым СДК іх ня круцяць. Пра іх існаваньне нават не здагадваюцца чытачы «Нашай нівы», але, тым ня менш, гэта не перашкаджае ім рабіць сьвежыя, грунтоўныя і жывыя рэчы — кожнаму па-свойму і ў сваім закутку. Таму спатрэбіўся нейкі фэст, здатны ўтварыць з гэтага ўсяго пэўную крытычную масу.

Мне падабаецца, што будуць артысты розных жанраў і тусовак, з беларускага, рускага і херпайміякога міра, часам нават не знаёмыя між соб, але чаму ты ігнаруеш хіп-хоп мэйнстрым і тэхна-андэрграўнд? Калі Каржа ў калабарацыі з Крычавым і Банам, а Morgotika з Вішнёвым пабачым?

Я б куды ахвотней аддаў перавагу народнай культуры. Прыкладам, у Карэліцкім раёне ёсьць такі калектыў, дзе бабулькі пераапранаюцца ў малпаў ды мядзьведзяў і дзіка скачуць па сцэне. Калі б бюджэт дазволіў яго прывезьці, усе тутэйшыя драг-квіны павесіліся б на ўласных панчохах.

Верх — гэта харашо, але калі будзе ніз?

Калі згадаць, што «Прывіды Тахелеса» — у пэўнай меры, пераемнік фэсту «Дах», можна заўважыць, што мы рухаемся ў актуальным для ўсіх накірунку. Спачатку дах, потым верх, потым… Карацей, рэдукцыя і энтрапія.  Але, наколькі я чуў, у нетрах зямлі даволі прыгожа і ўтульна.

Чаму не правесці было фэст у бомбасховішчы якім, на свінакомплексе або ў напаўразбураным будынку ВДНХ?

Я яшчэ не настолькі расчараваўся ў людзях, каб ладзіць фэсты для жывёлаў. Паглядзім, можа, наступным разам… А ВДНХ мы і сапраўды згубілі, прычым ня толькі фізычна. Бэрлінскі Палац Рэспублікі руйнаваўся, па сутнасьці, у рэжыме шоу — перад зносам там палічылі за гонар выступіць і  Einstürzende Neubauten, і ўвогуле ўсе, хто заўгодна. А ВДНХ — быў і сплыў. Нават знойдзеная ля яго авіябомба не абрасла мастацкімі кантэкстамі — хаця як распавядала сяброўка, што назірала за ўсім з гаўбца свайго офіса, пэрформанс быў надзвычай цікавы.

Увогуле, мы з камрадам Паўлам Вайніцкім хацелі прапанаваць забудоўшчыку бізнэс-ідэю: мы называем зьнішчэньне ВДНХ сваім  канцэптуальным арт-праектам — зразумела, за невялікую плату — ды прымаем агонь на сябе. Прагрэсіўная грамадзкасьць ня любіць джэнтрыфікацыю, інвэстараў з Азіі ды парушэньне зон аховы гістарычнага ляндшафту. Але затое яна спагадлівая да сучаснага мастацтва, і чаму б гэтым не скарыстацца? Такі ход выглядае цынічным ды брыдкім, і таму актуальным.

Як ты думаеш, пасля завяршэння місіі першага Прэзідэнта, у пераходны час ад аўтарытарызма да дэмакратыі можна чаккаць у Менску ўсплёска культурнага жыцця накшталт першых гадоў пасля падзення берлінскай сцяны?

Я быў бы ня супраць пабачыць размаляваны графіці сквот у якім-небудзь Палацы Незалежнасьці. Але амаль перакананы, што гіпатэтычныя новыя ўлады — якімі бы яны ні былі — пакінуць усё як ёсьць, хіба павялічыўшы аб’ёмы і дэкор.

Ці ёсць у нашых мастакоў, музыкаў і прочай тунеядствуючай багемы патэнцыял для гэтага? І ці ламануцца ў наш тутэйшы Тахелес іншаземныя артысты і тусоўшчыкі?

Я схіляюся да думкі, што ўсе зьявы маюць адзінкавы характар, і другога «Тахелеса» ўжо ня будзе. Дарэчы, ягоны былы дырэктар Марцін Райтэр таксама так лічыць. Але ёсьць і прыемная навіна: увесь час дзеіцца нешта новае, прычым нават не заўсёды дрэннае. Той жа «Верх», які зьяўляецца не чарговай хіпсьцярняй, а найперш менавіта творчай пляцоўкай…  Цяжка было яго ўявіць яшчэ колькі гадоў таму. Іншая справа — наладзіць пэўную камунікацыю з публікай — што папраўдзе неверагодна ўдавалася «Тахелесу».

Спадзяюся, ягоныя прывіды на «Гарызонце» ўсё ж зьявяцца і з часам асядуць. Але пры гэтым хочацца верыць, што фэст ня будзе сэансам калектыўнай настальгіі — хаця «Тахелес» назаўсёды застанецца ў нашых думках і снах.

Навошта ты ўсё гэта робіш?

Цяжкае пытаньне. Безумоўна, найперш для таго, каб даць рады з уласнай дэпрэсіяй і астэніяй. Да ўсяго, я перакананы, што такі фэст і сапраўды патрэбны:  ён фармулюе больш-менш паўнавартасны  кантэкст таго беларускага мастацтва, якое я лічу вельмі вартым, і пра якое ніхто, апрача яго прадстаўнікоў, не здагадваецца. Прычым даўно важна было зрабіць менавіта вялікую і бурлівую імпрэзу, а не яшчэ пару тузінаў маленькіх, на якіх удзельнікаў болей за публіку. Урэшце рэшт, мне і тым праектам, у якіх я задзейнічаны, таксама трэба недзе выступаць. Адпаведна, фэст  — гэта чыстай вады artist run праект, з дапамогай якога я паспрабпаваў вырашыць праблемы і свае ўласныя, і тых людзей, якіх паважаю.

Ці ёсць які фідбэк ад грамадства і культурніцкіх інстытуцый?

У нашым дарэшты атамізаваным арт-сусьвеціку на такое надта разьлічваць не выпадае. У кожнага свае справы, свае пяць сотак, якія трэба абрабляць, і нікому не да фідбэкаў.

Як апранацца на фэст? Які макіяж і аксесуары будуць уместны?

Апранайцеся ў ружовае і пахніце баблгамам! Нам такіх вас не хапае!

Валера Краснагір

Ільля Сін: «Прывідаў Тахелеса» прыфаташопіў на яго будынак Victor Jouk, а вось банэр «Беларусь. Сучаснае мастацтва» і сапраўды вісеў у цэнтры Бэрліна цягам некалькіх гадоў. Памятаю бурлівую дыскусію сярод тамтэйшых расейскамоўных драгдылераў: «Какіх это сук ані імелі в віду?»

Шэсьць гадзінаў шаленства! Дзьве сцэны! Болей за 20 удзельнікаў! Спэцыяльны госьць — былы дырэктар «Тахелеса» Марцін Райтэр

InZhest

Zartipo
Канстанцін Мужаў
Buben – Naruszewicz – Baisan
Аляксандар Зайцаў
Noizov Kov4eg
Aortha & Goron
Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk
Kritchev vs. Ban
Юрась Барысевіч
Travm
Masque Noir feat. Ільля Сін
Vesicatoria
Зьміцер Вішнёў
Вольга Рагавая
Antara
ISM
Ex-тэатар Eye
Яўген Рагозін
Сонечны Сахалін
Buben & Nasta Labada
DJ Pogodina
Арт-суполка «Няхай»

 

Aortha & Goron, visual by Dzina Danilovich34mag.net

Breaking Conventions! ‘The Ghosts Of Tacheles’ Festival In Minsk On 28 April. Tacheles, a cult kunsthaus in Berlin has stopped operating 5 years ago. It seems that such a place can happen only once and only in one point. But ghosts of Tacheles are still wandering around Europe and will may be spotted  the festival “The Ghosts Of Tacheles” in Minsk next Friday!

Over 20 participants will present exclusive art projects on 28 April. The party is expected to last for 6 hours. Once the huge building of the art house in the heart of Berlin was drawing crowds of visitors by its unique atmosphere of creative freedom bordering madness. It was set up by artists from all over the world, and Belarusians were among the leaders.

Minsk edition of the festival will unite unprecedented bunch of underground heads. The visitors will enjoy sound and visual experiments, creative collaborations and shocking performances. The line-up of the festival includes such art projects as Zartipo, Кanstancin Mužau, Buben & Nasta Labada, Juras’ Barysievič and many others. The festival’s headliner is the legendary plastic theater of InZhest that will show a brand new performance. Another not-to-miss presentation is the second album of the trio Buben–Naruszewicz–Baisan. Special guests of the event are Tacheles ex-director Martin Reiter and, of course, the famous exhibition “Global Warning / Global Warming” by Ales Rodzim.

Where: Art space Verh

When: 18:00 on 28 April

Cost: 5 Br

Фота: Валерый Воранаў

April 26, 2017

keywords: , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , ,

printe-mailshare

advertisement