LOGIN

LIFE

25 сакавіка: лезе ў трусы Масквы рука

8 сакавіка Сірога Шнураў з Ленінграда ў калябарацыі з тутэйшым поп-актывам іскрэньне павіншаваў нас на матчынай мове са стагоддзем БНР. Хацелі как лучшэ, а палучылася як усягда…

Калі я ў снежні мінулага года падараваў Шнуру томік народнага паэты і жраца трасянкі Ярылы Пшанічнага, я і не думаў ува што ўсё гэта выліецца. Я наіўна лічыў, што Сярогу яшчэ можна вярнуць да жыцця з дапамогай паэзіі вышэйшых сфераў. Але ён так увераваў у моц бабла і сваю звышздольнасць пераўтвараць усё тое гаўно, да якога дакранецца, у золата, што тут і сам Пярун не дастучыцца да сэрца пацана.

Але гэта ўсё лірыка, а наша мэта — фізіка. Дакладней — хімія працэсаў у галовах прагрэсіўнай беларускай абшчэсцьвеннасці. Тут усё не так весела, як у кліпе пра снегавіка і Ярмоленку. І тыя, хто абурыўся і пакрыўдзіўся на старэйшага брата і лакальных бобікаў, і другія, што запісалі Шнура ў прапагандыста мовы («зрабіў для яе папулярызацыі больш за цэлыя літінстытуты, партыі і акадэміі) выявіліся поўнымі неадэкватамі. Ахвярамі сваёй правінцыйнасці і «вяры» у веліч Расеі. Для адных Шнураў — свой у дошку, якому можна дараваць нават гвалт і брыдоту, для іншых — чужы, на якога можна зваліць свае праблемы і няўдачы. Пакуль Масква будзе ў нашых галовах, ейная рука будзе ў нашых майтках. І такі да, думаю што Шнура смела можна запрашаць на святочны канцэрт у чэсьць Дня Волі ля Оперы. Да Міка Джагера і Эрыкі Баду мы яшчэ не дараслі.

Валера Краснагрыў

Самую адэкватную, блізкую да рэдакцыйнай філейнай палітыкі, ацэнку інцыдэнту з Галыгіным даў літаратар, перакладчык, рэдактар віртуальнага літчасопіса litrazh.org Макс Шчур.

 

«Пра галыгінскую гаць/гадзь. Паглядзеў са спазьненьнем адно нашумеўшае відэа. Мне здаецца, траўму ад яго могуць адчуваць толькі тыя, для каго ўсё, што робіцца ў Расеі і расейцамі, падсьвядома (ці ўсьвядомлена) важнейшае за тое, што робіцца ў рэшце сьвету. То бок нічога супольнага зь беларускай тоеснасьцю ні відэа, ні «траўма» ад яго ня маюць. Даведаўся, хто такі Галыгін — ну, былы ваяка і кавээншчык з Барысава = квінтэсэнцыя саўка. Неўязны ў Польшчу, пішуць на вікіпэдыі. Ні разу дагэтуль пра яго ня чуў і думаю, што больш не пачую. Ну хіба калі яго выберуць прэзыдэнтам РФ або РБ.

Калі глыбей, то ўмоўна можа падзяліць кліп на два складнікі: тэкставую і музычна-візуальную. Сам па сабе тэкст ёсьць бяздарнай і сэксісцкай варыяцыяй на народную (у жанры «народнай прыкметы» пра надвор’е) показку пра «лезе ў трусы рука» (першыя 2 радкі, так бы мовіць, «слоган»), якую аўтары яўна не прыдумалі. Падобныя дрындушкі былі ўсяго толькі спосабам, якім цёмныя беларусы тлумачылі самі сабе, што гэта за такі за «жаночы дзень», навязаны ім «камунякамі з Усходу». Як з народнай творчасьцю часта бывае, дрындушка сама па сабе глыбейшая і больш іранічная за відэопус, а менавіта дзякуючы сваёй сэмантычнай нявызначанасьці — чыя рука? І ў чые майткі лезе? Што, калі ў свае, а не ў чужыя? І што, калі не ў «самотнай жэншчыны», а ў самога «патрыярха»? І г.д. То бок «беларуская» частка опусу мяне ў прынцыпе зусім не турбуе, бо яе ільга разумець па-рознаму.

Куды больш клінічная сытуацыя з часткай руска-саўковай, музычнай і візуальнай. Тут канечне поўны швах, як той казаў — «шкада Расеі». Ужо чвэрцьстагодзьдзя там капіталізьм, а старыя песьні а глаўнам усё азіраюцца на савецкія асобеннасьці нацыянальнай ахоты, зь 90-х нічога не зьмянілася (між іншым, зірнуў нядаўна з падачы Алеся Плоткі фільм «Нечаянно» — тая ж фігня. Які-небудзь «Літл Біг» — ітэм). То бок здаецца, што на побытавым узроўні няма ніякага новага нацыянальнага брэнду. Старасавецкі, як ні круці, памалу адмірае пад напорам гіпстэраў… Што ж, трэба паспрабаваць яго калі не аджывіць, то прынамсі выціснуць зь яго апошняе! Паказаць, што пад т.зв. «мужчынам» «заходняга тыпу» ў кожным (бела)рускім (мы ж усе брацья, ёпціць!) усё яшчэ драмае «мужык» = дзікій мужчіна, брат «красного человека». (А з гэтым ніхто, здаецца, і не спрачаецца.)

Пры саўку сьцябаліся пераважна з «тупых» украінцаў — потым аказалася, што ад украінцаў можна атрымаць па лычы, — ну што ж, возьмем на іхнае месца «тупых» беларусаў. Толькі зірніце, маўляў, як у іхным люстэрку «крыва і пошла» адлюстроўваецца наш нацыянальны ноў-гаў (алькагалізм), нашая цывілізацыйная місія — эта жа мы научылі іх, што у жэншчын есьць права! А так мы самі ні разу не сэксісты, проста нас падпарадкаваная роля жанчыны, якую мы любім і паважаем (ролю), цалкам задавальняе, вунь мы і многабукаф з гэтай нагоды перад кліпам напісалі…

Насамрэч, нічога апроч уласнарасейскай бездапаможнасьці што да ўспрыняцьця вакольнага сьвету (ня толькі «бліжняга замежжа») у гэтым вельмі крэаціўным кліпе не адлюстроўваецца. Ну і яшчэ падхалімаж асобных беларускіх арцістаў, для якіх удзел у чымсьці, з чаго тырчыць шнур — такі гонар, што абасрацца, за яго можна матку прадаць разам з густам. Эта жаж усямірный уравень! Пры гэтым «Навінкі» былі да ўсякіх «Ленінградаў».

А што беларусы, не сьцябуцца з рускіх? Сьцябуцца. Як на мяне, у сучаснасьці галоўным інструмэнтам гэтага сьцёбу ёсьць нашая дарагая трасянка, перадусім у яе пісьмовым варыянце (але Саша і Сірожа тожа) — а яе, аказваецца, нападобіць зусім ня проста, умець трэба. Нават беларусам ня ўсім удаецца, ня кажучы пра Галыгіных.

Адным словам, запозьнена (так выйшла) віншую беларусак з анархісцкім сьвятам 8-га сакавіка і веру, што праз год пра «нашумеўшае» відэа згадае ўжо толькі фэйсбук. Мір, Будда, Сакавік».

Макс Шчур

 

March 14, 2018

keywords: , , , , , , , , ,

printe-mailshare

advertisement