LOGIN

MUSIC

Вада, пара і лёд

Прадчуванне

Нарэшце. Вось і мы дачакаліся. 30-га будзе па-шведску прахалодна. Што браць з сабою? Віскі, насоўкі, цёплыя шалікі альбо не браць нічога? Каго браць з сабою? Каго браць з сабою?

Імпрэза

Сталася!

На вуліцы снежна. А ў клубе смешна. Мяшана. Смешна, мяшана і неяк невыносна… Зрэшты, нічога асаблівага і дзіўнага: наша публіка неяк амаль стыхійна запраграмаваная на танцы. Клубы ведаюць пра гэта і ўжо не стыхійна, а свядома «майструюцца» пад total-dancing. Але гэтым разам танцаў не было (дарэчы, Ёхансан папярэджваў)…

Кілішак гарэлкі «Бульбашъ» (чаму Ъ?) і цёплы грэйпфрутавы сок. Таматнага не было (халоднага грэйпфрутавага таксама). Здзіўленне сябра. І яшчэ адзін кілішак з прыяцелем. Клубы даўкага клубнага дыму. «А ты такой холодный, как айсберг в океане», — заспяваў сябар, знаходзячыся, відаць, у стане настальгічнай эйфарыі. Я падхапіў. Нас заўважылі, але не зразумелі (спецыфіка модных мінскіх клубаў: усё заўважаць, але нічога не разумець).

Скокі-скокі-пераскокі… Сходы-ходы-пераходы… Незразумелае, задоўгае таптанне на месцы і зусім алагічнае перасоўванне кудысьці… Калі нарэшце «закадравы» голас з інтанацыяй і тэмбрам à la «от Советского информбюро» абвясціў выхад музыканта, публіка чамусьці экстатычна зараўла і энергічна запляскала ў далоні. Пачатак вечарыны нагадваў ранішнік для дарослых, які цяпер называецца куртуазным словам «карпаратыў». Клуб-клуб… Made in Belarus (ой-ой…).

Але…

Ён акуратны, гжэчны, субтыльны. Крыху бураціністы. Добрасумленны. Аскетычны. У тонкай белай кашулі. Павольны. Стрыманы. Высокі. Ён прыгожа і шчыра спяваў, зрэдчас усміхаючыся. Здзіўляўся, піў ваду і зноў прыгожа спяваў. А публіка прагнула танцаў… Так сталася, што мы з сябрам амаль сінхронна крыкнулі: «Whiskey!!!» Нас зноў заўважылі, але зноў не зразумелі. Ёхансан пачуў нашую «просьбу» і не здзівіўся, сведчаннем чаго была падораная нам усмешка.

На наступным тыдні ён будзе здзіўляць, спяваць і ўсміхацца ў Швейцарыі, Мексіцы, Расіі, крыху пазней — у Іспаніі і Аўстрыі… Усё ж нам пашанцавала. Спецыяльны дзякуй «Мотовело», дзіўнаму, але спраўджанаму спонсару, якому мы — дзеці і падлеткі 80-х — давяралі свае першыя дваровыя прыгоды. Здаецца, ровар пасуе Ёхансану. І барада яму пасуе таксама. Ён нагадаў мне сябра, які цяпер плакаў, але я гэтага не заўважыў.

Пасля смешнасці клуба вільготная снежнасць вуліцы здалася самым лагічным працягам кранальных, выразных і тонкіх спеваў. Было ціха й неяк калядна. Снег раставаў. Снег ператвараўся ў ваду…

H2O

Так, вада… Менавіта з гэтай субстанцыяй (стыхіяй) асацыюецца музыка Ёхансана — з вадой у любым з яе трох агрэгатных станаў. Гукі, народжаныя вадой, зачароўваюць, супакойваюць, трывожаць і засяроджваюць, спрыяюць суназіранню і паглыбленай рэфлексіі. Шум вадаспадаў, шыпенне пары, крышталёвая паліфанія капяжу, хрумсценне першага крохкага лёду на лужынах, усхліпванне дажджу, манатонна-пранізлівы стук рэдкіх кропель з не закручанага да канца крана, чвяканне падэшваў падчас адлігі, крынічнае журчанне і шолах марскога прыбою… Усе гэтыя адценні «водных» гукаў складаюць тонкую, адмыслова-мудрагелістую рэцэптуру кампазіцый Джэй-Джэя. Яго музыка, нібы саладкавата-гаркавая мікстура з седатыўным эфектам, запавольвае і суцяшае, але цалкам не пазбаўляе меланхалічнай хандры і празрыста-вэлюмнай засмучанасці. Таму так лёгка слухаць Ёхансана ўвосень альбо ўвесну, у хісткае міжсезонне, сатканае з субтыльных паўтонаў, няпэўнасці і прадчуванняў, тады, калі маўклівыя слёзы на шчаках камуфлююцца туманам, дажджом альбо мокрым снегам, калі так лёгка схавацца пад парасонам і растварыцца ў сутонні засмужанага адвячорка…

Тэксты

Здаецца, тэксты Ёхансана, калі ўзяць іх адасоблена ад мелодый, кантрастуюць з ягонай музыкай, прынамсі фармальна. Знешне досыць простыя, лаканічныя і скупыя, пазбаўленыя празмернай напышлівасці й прыкрасаў, яны, аднак, уражваюць глыбокай спавядальнасцю й падкрэслена песімістычным гучаннем. Музыкант думае па-шведску, па-шведску піша ў дзённіку і на аснове гэтых запісаў стварае тэксты песень на англійскай мове: такім чынам, атрымоўваецца падвойная інтэрпрэтацыя зыходнага матэрыялу, стрыманая і надзвычай пранікнёная. Джэй-Джэй піша пра каханне як метафізічную катэгорыю, асноўную дэтэрмінтанту жыцця, крыніцу як болю, так і неабсяжнай асалоды, адчуць якую можна толькі тады, калі ты, сутыкнуўшыся з праблемай уласнага душэўнага паклікання, урэшце зрабіў выбар на карысць спрагнёнага сэрца іншага чалавека. Хранічная незаспакоенасць, неўладкаванасць, няўтульнасць — улюбёныя тэмы музыканта, якія ў спалучэнні з матывамі блукання, пошуку, нават бяздомнасці, напаўняюць ягоную музыку паталагічна-дэпрэсіўным гучаннем. Гэтую стылістычную асаблівасць Джэй-Джэя, безумоўна, можна было б трактаваць як праяву неадэкадансу, калі б не адно «але». За хваробным грымам квазіінфантыльнага П’еро хаваецца ледзь заўважная ўсмешка самаіроніі: «I use to get / Flowers from girls in their bloom / and I use to get / Letters with a smell of perfume / I use to be handsome and popular / But what can I say / It didn’t take long til I called it a day / But I’m older now, much older than I was when I was young» [Skeletal, «Whiskey», 1996].

Голас

Маючы неблагую і даволі шырокую музычную адукацыю (фартэпіяна, флейта, кларнет, саксафон, гітара — бас і сола), Джэй-Джэй Ёхансан ніколі не вучыўся вакалу. Аднак гэты факт не зашкодзіў яму аднойчы заспяваць, прычым заспяваць даволі прафесійна. Валодаючы тонкім густам і пачуццём стылю (памятайма, што за плячыма Джэй-Джэя вышэйшая мастацкая адукацыя і досвед працы арт-дырэктара моднага англійскага часопіса), музыкант інтуітыўна шукаў тыя празрыстыя, наўмысна стомленыя, далікатныя інтанацыі, якія сёння сталі неад’емнай праявай ягонага артыстычнага аблічча. Аксамітны, эфектна глыбокі, падкрэслена сталы і крыху джазавы вакал першай кружэлкі  «Whiskey» (1996) у наступных альбомах эвалюцыянаваў да больш вытанчанай і гіпнатычнай вакальнай манеры. Эклектызм і ўскладненасць музычных эксперыментаў Ёхансана ў спалучэнні з яго «фірмовым» мяккім тэнарам непазбежна ствараюць вакол сябе містычную атмасферу загадкавасці і прыемнай тугі, трапіўшы ў якую, хочацца застацца ў ёй як мага даўжэй, не хаваючы ані слёз, ані смутных усмешак, ані рамантычнай светлай узнёсласці…

Арцём Кавалеўскі, фота: Вольга Муская

 

November 17, 2011

keywords: , , , , , ,

printe-mailshare

advertisement